Падчас візыту яна сустрэлася зь першымі асобамі краіны: каралевай Летыцыяй, прэм’ер-міністрам Пэдра Санчэсам, міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарасам, кіраўнікамі ніжняй і верхняй палатаў парлямэнту, лідарамі асноўных палітычных партыяў, былым прэм’ерам Феліпа Гансалесам і беларускай дыяспарай. Акрамя таго, Ціханоўская выступіла ў Мадрыдзкім клюбе (арганізацыі былых кіраўнікоў дзяржаваў) і каралеўскім інстытуце El Cano.
Ціханоўская падзякавала Гішпаніі за падтрымку ў ЭЗ, Радзе Эўропы і АБСЭ, за візавую падтрымку беларусаў і папрасіла падзяляць беларусаў і рэжым. Вітаючы Ціханоўскую, прэм’ер Гішпаніі Санчэс сказаў: «Гішпанія і Беларусь як ніколі блізкія ў абароне каштоўнасьцяў і прынцыпаў».
Практычныя вынікі візыту:
- Гішпанія працягне выдаваць візы беларусам у межах існых магчымасьцяў. На гэтым тыдні быў скарочаны штат амбасады ў Маскве, і гэта можа паўплываць на колькасьць выдадзеных візаў.
- Беларусы з украінскімі ВНЖ ці ПМЖ атрымаюць такую самую абарону, як і ўкраінцы. Яны змогуць разьлічваць на ўсе тыя самыя выгады і легальны статус. Дзясяткі беларусаў ужо пераехалі ў Гішпанію, некаторыя зь іх былі на мясцовай сустрэчы беларусаў зь Ціханоўскай.
- На бліжэйшай Радзе ЭЗ Гішпанія ўздыме пытаньне новага «расстрэльнага закона» ў Беларусі, а на пасяджэньні міністраў замежных справаў разгледзяць уключэньне дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў і Рады Рэспублікі ў санкцыйныя сьпісы.
- Гішпанія ня будзе падтрымліваць зьняцьце санкцыяў з калійнага сэктару і «Беларуськалія», нягледзячы на перамовы па харчовай бясьпецы, якія зараз вядуцца ў межах ААН.
- Дэпутаты Кангрэсу (ніжняя палата парлямэнту) пачалі стварэньне нефармальнай групы сяброў Беларусі. У групу маюць увайсьці прадстаўнікі асноўных парлямэнцкіх групаў.
- Гішпанія зацікаўленая ў найбліжэйшыя месяцы прыняць групу дзяцей, рэпрэсаваных сем’яў ці былых палітвязьняў. Ідэю падтрымалі прэм’ер-міністар і каралева Гішпаніі. Зараз абмяркоўваюцца тэхнічныя магчымасьці для арганізацыі такой праграмы.
- Ціханоўская перадала просьбы ад беларускай дыяспары па спрашчэньні міграцыйных правілаў для беларусаў. У прыватнасьці, каб Гішпанія не патрабавала апастыль і доказы немагчымасьці вяртаньня ў Беларусь пры атрыманьні дакумэнтаў, а таксама каб беларусам не блякавалі банкаўскія рахункі.
- Міністар пагадзіўся выкарыстоўваць «Belarus» замест «Bielorussia» у афіцыйнай камунікацыі і адразу зрабіў твіт. Цяпер у Гішпаніі выкарыстоўваюцца абодва варыянты.
- Былы прэм’ер-міністар Гішпаніі Філіпа Гансалес пагадзіўся пабыць пасярэднікам у арганізацыі сустрэчаў і перамоваў з краінамі Лацінскай Амэрыкі.
Ціханоўская таксама запрасіла Гішпанію далучыцца да міжнароднага дня салідарнасьці з Беларусьсю 29 траўня.
Акрамя таго, беларуская лідарка дала інтэрвію асноўным ТВ-каналам і газэтам Гішпаніі — El Mundo, El Pais, ABC і іншым.