Урад Італіі падрыхтаваў прапановы па дасягненьні міру ва Ўкраіне, якія прадугледжваюць спыненьне агню, падрыхтоўку прыняцьця Ўкраіны ў ЭЗ і шырокую аўтаномію Крыму і Данбасу
Матэрыял аб гэтым апублікавала газэта la Repubblica.
Як піша выданьне, плян падрыхтаваны Міністэрствам замежных спраў Італіі ў супрацоўніцтве з офісам прэм’ер-міністра Італіі і прадстаўлены генэральнаму сакратару ААН, краінам G7 і групе «Квінт» (акрамя Італіі, туды ўваходзяць Францыя, Нямеччына, Вялікая Брытанія і ЗША). З тэксту la Repubblica вынікае, што ініцыятарам стварэньня дакумэнту мог стаць міністар замежных спраў Люіджы Ды Маё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі і Шольц агучылі ўмову для мірных перамоваў Украіны з РасеяйПлян прадугледжвае чатыры этапы.
- Спыненьне агню і дэмілітарызацыя лініі фронту са стварэньнем мэханізмаў назіраньня.
- Шматбаковыя перамовы аб будучыні Ўкраіны, з абмеркаваньнем магчымасьці зрабіць краіну нэўтральнай пры міжнародных гарантыях і падрыхтоўцы да ўступленьня яе ў ЭЗ.
- Стварэньне поўнай аўтаноміі Крыму і Данбасу пры прызнаньні Масквой гэтых тэрыторыяў часткай Украіны. Аднак дакумэнт прадугледжвае, што рэгіёны змогуць устанавіць свае моўныя і культурныя правы, свабоднае перасоўваньне тавараў, паслуг і людзей паміж краінамі і аўтаномна кіраваць сваёй бясьпекай.
- Стварэньне новага шматбаковага пагадненьня аб бясьпецы ў Эўропе і вывад расейскіх войскаў, прынамсі да сытуацыі 23 лютага 2022 году, калі афіцыйна іх не было ў Данбасе.
Рэалізоўваць пагадненьне, згодна з італьянскім плянам, павінна міжнародная група садзейнічаньня, у супрацоўніцтве ААН, «Квінта», Эўразьвязу, Турэччыны, Кітаю, Канады і Ізраілю.
- Газэта не паведамляе, ці былі прапановы перададзеныя Ўкраіне і Расеі. Абедзьве краіны прызналі, што перамовы паміж імі фактычна спыніліся. Кіеў дакумэнт не камэнтаваў.
- Яго палажэньні прадугледжваюць зьмены Канстытуцыі Ўкраіны, раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заяўляў, што рэфэрэндум у краіне па ўмовах міру немагчымы бяз вываду расейскіх войскаў.
- Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў на брыфінгу 19 траўня, што ў Расеі пра дакумэнт даведаліся з друку і не гатовыя зьмястоўна яго камэнтаваць.