Дзень вышыванкі ва Ўкраіне падчас вайны: віншаваньні ад Зяленскага, Kalush Orchestra і Патрон у вышытай кашулі

Дзеці ў вышыванках каля помніка Лесі Ўкраінцы. Крым, Ялта, 1 жніўня 2013

У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны ў адзначылі, «вышыванка ў нашай барацьбе за свабоду і незалежнасьць засьцерагае нас сваёй сілай».

З Днём вышыванкі ўкраінцаў павіншаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Моцная, нязломная, сьмелая і свабодная! З Днём вышыванкі, Украіна!», — сказаў Зяленскі ў відэа, апублікаваным у Telegram.

Таксама свае віншаваньні ўкраінцам з нагоды сьвята перадалі ўдзельнікі гурту Kalush Orchestra, які прынёс Украіне перамогу на «Эўравізіі», і Міністэрства абароны.

«Украінская дзяржава сшытая моцнай ніткай любові і павагі», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства ў фэйсбуку.

Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый апублікавала фота службовага сабакі Патрона, які зьмяніў свой «бронік» на вышыванку.

Ужо 16 гадоў ва Ўкраіне і ўсюды, дзе жывуць украінцы, адзначаюць Дзень вышыванкі. Упершыню ідэя прысьвяціць адзін дзень траўня традыцыйнаму ўкраінскаму адзеньню ўзьнікла ў 2006 годзе ў студэнцкім асяродзьдзі Чарнаўцоў і хутка распаўсюдзілася па краіне.

З тых часоў кожны год украінцы і ўсе, каму падабаецца традыцыйнае адзеньне, апранаюць вышыванкі і носяць дома, у офісах, на вуліцах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашпарт нацыі. У чым падобныя і розныя беларускія і ўкраінскія вышыванкі