Паводле інфармацыі «Нашай нівы», Насту Карнацкую пакаралі арыштам на 13 дзён, днём раней Андрэю Янушкевічу прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту.
Прадавачку кнігарні «Кнігаўка» Насту Карнацкую судзілі за «дробнае хуліганства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўцу Андрэю Янушкевічу прысудзілі 10 дзён арыштуПератрус і арышты ў новай кнігарні
Раніцай 16 траўня ў першы дзень працы «Кнігаўкі», туды прыехалі прапагандысты Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая. Яны чапляліся да ўласьнікаў кнігарні за тое, што тыя прадаюць гістарычныя кнігі на беларускай мове. Іх пытаньні выклікала кніга пра род князёў Радзівілаў, а таксама кніга з фота, якое здалося Азаронку «вельмі падобным да параду вэтэранаў СС» (у рэальнасьці на здымку было ўступленьне літоўскага войска ў Вільню ў 1939-м).
Пасьля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі зь ператрусам. Пасьля ператрусу ў «Кнігаўцы» зьнікла сувязь з дырэктарам Андрэем Янушкевічам і супрацоўніцай кнігарні Настай Карнацкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ператрусу сілавікі затрымалі выдаўца Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні «Кнігаўка», забралі 200 кніг17 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі выдаўца Андрэя Янушкевіча і канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданьнях будзе «праведзена экспэртыза», паведаміла супрацоўніца афіцыёзнага выданьня «СБ. Беларусь Сегодня» Людміла Гладкая. Паводле якога артыкула затрымалі Янушкевіча, невядома.
Паводле Гладкай, затрымалі і «касірку кнігарні», якая нібыта «адміністравала шэраг экстрэмісцкіх рэсурсаў».
Новая кнігарня адкрылася 16 траўня на вул. Зьмітрака Бядулі, 6 у Менску. Найперш гэта мелася быць выдавецкая кнігарня, дзе выдавецтва «Янушкевіч» будзе прадаваць свае кнігі і кнігі «блізкіх партнэраў», паведаміла выдавецтва ў сацсетках.
Выдавецтва «Янушкевіч» займаецца падрыхтоўкай і выданьнем разнастайнай кніжнай прадукцыі, пераважна на беларускай мове.
У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
22 сакавіка стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі тэрмінова вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Менску. Пасьля гэтага выдавецтва абвясьціла распродаж кніг, хутка пад офісам сабралася вялізная чарга пакупнікоў, якая не канчалася некалькі дзён.
Апошнім часам беларускія ўлады прыпынілі дзейнасьць адразу некалькіх беларускіх незалежных выдавецтваў: «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».
Фармальнай падставай стала парушэньне «тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паведамленьнем аб зьмене зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў».