«Клясыка, якая ня страціць важнасьці». Як праская «Вясна» выдае беларускую літаратуру

Перакладчык і яго выдавец: Сяргей Шупа і Вэсна Вашко

На мінулым тыдні ў Празе адбылася прэзэнтацыя чатырох новых кніг выдавецтва «Вясна»: зборнікаў паэзіі Юлі Цімафеевай і Альгерда Бахарэвіча ды двухтомніка вершаў і паэмаў Мойшэ Кульбака. З гэтай нагоды мы паразмаўлялі з кіраўніцай выдавецтва Вэснай Вашко.

— Калі табе прыйшла ў галаву ідэя заснаваць у Чэхіі выдавецтва «Вясна», якое будзе выдаваць беларускамоўныя кнігі? У цябе быў ранейшы досьвед такой эканамічна-бізнэсовай дзейнасьці?

— Мне гэта прыйшло ў галаву пасьля шматгадовага назіраньня за тым, як нялёгка выдаваліся ў Беларусі пераклады майго мужа Сяргея Шупы. Перакладчыцкіх плянаў у яго шмат, і кожны раз выхаду кнігі даводзілася чакаць часам і па некалькі гадоў.

Бізнэс-досьвед? Так, быў. Я музыкантка, і ад 1990-х гадоў ня толькі выступала, але прадусавала, запісвала, вырабляла і прадавала свае кампакт-дыскі. Бізнэс гэты мусіў акупляцца, каб кожны раз яшчэ і зарабіць грошы на новы праект.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе прэзэнтавалі поўны збор паэзіі Мойшэ Кульбака і паэтычныя зборнікі Бахарэвіча і Цімафеевай

— Наколькі такое выдавецтва апраўдвае сябе эканамічна? У цябе ёсьць фінансавая падтрымка зь нейкіх зьнешніх крыніц ці ўсё робіш за ўласныя грошы?

— Крыніцы розныя. Напрыклад, нашу першую кнігу — раман Мойшэ Кульбака «Панядзелак» — часткова фінансава падтрымаў Юры Зісер. Некаторыя краіны даюць гранты на пераклады твораў іх аўтараў. Вядома ж, такую падтрымку выдавецтва вельмі цэніць, але яна не пакрывае ўсіх выдаткаў. Астатняе даводзіцца фінансаваць з уласных сродкаў і вяртаць выдаткі продажам кніг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нечаканая кніжка, выцягнутая перакладчыкам зь цёмнай кладоўкі забыцьця»

— Як арганізаваны распаўсюд тваіх выданьняў? Ёсьць магчымасьць прадаваць іх у легальнай сыстэме распаўсюду ў Беларусі?

— Сёньня наагул магчымасьць прадаваць у Беларусі кнігі незалежных выдавецтваў — у тым ліку і нашага — вельмі абмежаваныя. Але шукаем шляхоў, каб кнігі дайшлі да чытачоў. Па Эўропе і шырэйшым сьвеце, дзе жывуць беларусы, нашы кнігі рассылаюцца без абмежаваньня.

— Як разумею, пакуль што «Вясна» выдае кнігі, якія на беларускую мову перакладае Сяргей Шупа, і кнігі, якія ён рэдагуе. Ці маеш намер пашырыць выдавецкае мэню і выдаць нешта, да чаго Сяргей не прыкладзе руку як перакладчык ці рэдактар?

Сяргей Шупа — гарант якасьці кніг нашага выдавецтва, і я ня маю намеру тут нешта мяняць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каштоўнасьць раману ў тым, што ён вельмі ўнівэрсальны». Сяргей Шупа пра тое, як працаваў над перакладам «Восені патрыярха»

— Запытаю асобна пра выданьні Мойшэ Кульбака. Спачатку пра прозу — «Панядзелак» і «Мэсія з роду Эфраіма». Кнігі прадаліся?

— Бальшыня накладу прадалася. Апрача таго, гэта не гіты тыдня або месяца, гэта клясыка, якая ня страціць сваёй важнасьці і праз год, і празь пяць, гэтыя кнігі працягваюць купляць і сёньня. Нагадаю тут, што наш першынец — «Панядзелак» — быў ацэнены прафэсійнай супольнасьцю і атрымаў прэмію Карласа Шэрмана Беларускага ПЭНу. Гэта быў уклад нашага выдавецтва ў паўнавартаснае вяртаньне Кульбака ў беларускі культурны кантэкст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь як цэнтар зямлі». Зь ідышу пераклалі «самага эўрапейскага» аўтара Беларусі

— Самы амбітны праект «Вясны» — выданьне вершаў і паэмаў Мойшэ Кульбака ў дзьвюх кнігах. Калі першая кніга, у якой паэзія Кульбака пададзеная ў арыгіналах у лацінскай трансьлітарацыі і ў беларускім перакладзе Сяргея, бачыцца мне як больш-менш стандартнае акадэмічнае выданьне (з камэнтарамі, тэксталягічным аналізам і іншым), то другая кніга — дзе гэтыя вершы і паэмы надрукаваныя на ідышы габрэйскім альфабэтам — выглядае як крутая выдавецкая extravaganza. Патлумач, на каго разьлічаная гэтая другая кніга.

— Гэтае выданьне ў дзьвюх кнігах — вынік доўгай дасьледніцкай працы, якая палягала ў выяўленьні ўсіх паэтычных твораў Кульбака, іх тэксталягічным аналізе, усталяваньні асноўнага тэксту, камэнтаваньні, перакладзе і шмат чым іншым. Яно было задуманае як «тавар падвойнага прызначэньня».

Па-першае, яго мэта — глыбей пазнаёміць беларускага чытача з паэзіяй Кульбака, і пры гэтым даць яму магчымасьць дакрануцца да арыгіналу, прасякнуцца ім (трансьлітараваны арыгінал і пераклад разьмешчаныя на паралельных старонках). Ідыш як адна з традыцыйных моваў Беларусі зьнік з шырокага ўжытку, але сёньня можа хоць бы сымбалічна вярнуцца — напрыклад, як прадмет зацікаўленьня, нават як мода (як гэта адбываецца ў некаторых краінах).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рая Кульбак, дачка забітага паэта

А па-другое — і гэта ўжо пра «экстраваганцу» — у сьвеце ідыш яшчэ жыве, ён выкладаецца, вывучаецца, на ім выдаюцца і чытаюцца кнігі, часопісы. Першы поўны збор паэзіі Кульбака — паэта вядомага ў сьвеце, а часта і любімага — безь ніякага сумневу, знойдзе свайго чытача сярод тысяч спэцыялістаў, прафэсіяналаў і аматараў ідышу. А пры гэтым нашае выданьне наблізіць ім і беларускі кантэкст — не выключаю, што некаму зь іх будзе цікава прачытаць, як жа зразумелы ім арыгінал быў перакладзены на беларускую (часта не чужую ідышыстам) мову.

— Як і дзе купіць вашы выданьні?

— Выдавецтва мае свой сайт — vesnabooks.eu, дзе ёсьць сьпіс усіх выдадзеных кніг і кантакты для сувязі. Дастаткова зьвязацца з намі і дамовіцца пра ўсе дэталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я была ў стэрыльным і халодным беларускім горадзе