Больш за два месяцы за кратамі знаходзіцца экс-журналіст БТ Дзьмітры Лукша

Дзьмітры Лукша

Як стала вядома праваабаронцам, Лукшу затрымалі яшчэ 11 сакавіка за сюжэт на казахстанскім тэлеканале і выставілі ў абвінавачаньні два артыкулы Крымінальнага кодэксу.

11 сакавіка пасьля ператрусу ў кватэры ў Менску быў затрыманы журналіст Дзьмітры Лукша, піша «Вясна».

Дзьмітры працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала «Хабар 24», і падставай для затрыманьня стаў ягоны апошні сюжэт на канале.

Спачатку Дзьмітрыю інкрымінавалі арт. 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады). Цяпер жа праваабаронцам стала вядома, што журналіста вінавацяць паводле артыкулу 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) і 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Раней Лукша шмат гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, у тым ліку быў вядоўцам праграмы «Зона X».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 траўня: у Наваполацку затрымалі старшыню Беларускага незалежнага прафсаюзу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты за кратамі: фрылянсэра Свабоды Кузьнечыка перавялі ў СІЗА Магілёва; журналіста Intex-press Ганцарэвіча прызналі палітвязьнем