Заводчыцу сабак з Карэліцкага раёну, якая зьдзекавалася з гадаванцаў, пакаралі штрафам

Ілюстрацыйнае фота

Жыхарку Карэліцкага раёну С. пакаралі штрафам 480 рублёў (каля 140 даляраў) за тое, што прадавала сабак без дакумэнтаў.

Пра гэта паведаміў Горадзенскі эканамічны суд.

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна прадала сама меней трох сабак парод чыхуахуа, ёрка і біра ёрка, ня маючы дазволу на прадпрымальніцкую дзейнасьць. На яе склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкулу 13.3 КаАП.

Паводле матэрыялаў справы, жанчына прадавала пародзістых сабак па заніжанай цане, тлумачачы гэта іхнімі дэфэктамі. Сама прадстаўлялася ня ўласьніцай жывёлаў, а валянтэркай. Аднак, паводле абвінавачаньня, менавіта яна прадавала гадаванцаў і атрымлівала грошы.

Таксама суд вырашыў канфіскаваць у яе палову атрыманага ад продажу сабак даходу — 185 рублёў.

Гэты вырак — адзін з вынікаў гучнай гісторыі з пасёлка Барацін Карэліцкага раёну, пра якую стала вядома сёлета ў лютым.

Заводчыца выкупіла ўчастак і трымала ў закінутым доме больш за 200 сабак у жахлівых умовах. Пародзістыя жывёлы жылі ў холадзе і брудзе, бязь ежы і вады. Валянтэрам далося ўратаваць частку гадаванцаў. Сабакі былі зьнясіленыя і хворыя.

Праверка па факце жорсткага стаўленьня ўласьніцы да жывёлаў яшчэ працягваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Карэліцкім раёне ў гадавальніку зьдзекаваліся з сабак — цяпер у іх праблемы са зрокам і сэрцам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры тысячы рублёў на месяц. Як выжывае адзіны ў Беларусі прытулак для дзікіх птушак