Кіраўніцу Незалежнага прафсаюзу «Нафтана» судзілі па пяці адміністрацыйных пратаколах за «несанкцыянаванае пікетаваньне». За кратамі яна прыдумляла выраз кожнага дня і завяла адмысловы каляндар, запісваючы кожны з 75 дзён няволі.
Вольга Брыцікава расказала «Народнай волі», як правяла 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Яна адзначыла, што больш жорсткіх, чым у іншых зьняволеных, умоў ёй у ізалятары не стваралі.
«Не ўяўляла, што за надпіс на куртцы „Не — вайне“ давядзецца правесьці ў ізалятары аж 75 дзён! Усё-такі верыла, што людзі будуць прытрымлівацца нейкіх нормаў законнасьці. Але аказалася, што ўсё даведзена да абсурду. Я лічыла і лічу, што нічога супрацьзаконнага не рабіла, а проста скарысталася правам, якое нам гарантавана Канстытуцыяй, — правам мець сваю думку і свабодна яе выказваць. Я выступала супраць вайны, што ў гэтым дрэннага?! Але ў тых, хто трымаецца за ўладу, пра гэта, відаць, іншая думка».
Першыя тры пратаколы на Брыцікаву склалі цягам тыдня. А найбольш цяжка яна ўспрыняла навіну пра чацьвёрты.
«Самы складаны ў псыхалягічным пляне быў момант, калі склалі чацьвёрты пратакол, які зьявіўся за гадзіну да таго, як мне трэба было выходзіць на волю. Ты чакаеш гэтага, рыхтуесься, і тут — атрымайце новыя „суткі“!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забіраюць з працы і вязуць на допыты». Незалежнаму прафсаюзу «Нафтану» пагражаюць ліквідацыяйБрыцікава сядзела ў камэры на дваіх, у якой часам знаходзілася адна, а былі пэрыяды, калі там былі трое. Зь перадачамі і ліставаньнем праблем не было.
«Сувязь з вонкавым сьветам падтрымлівалася празь перадачы ад блізкіх і знаёмых. Атрымлівала шмат лістоў і паштовак, гэта дапамагала не адчуваць сябе няшчаснай. Брытанскія навукоўцы, дарэчы, высьветлілі, што для таго, каб чалавек адчуваў сябе шчасьлівым, трэба, каб яго абнялі ня менш як сем разоў за дзень. Дзякуючы лістам я таксама разумела, што ня ўсё так дрэнна ў гэтым жыцьці».
Вольга сказала, што за кратамі завяла сабе каляндар і кожны дзень выкрэсьлівала чарговыя суткі і прыдумляла выраз дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 траўня: у Наваполацку затрымалі старшыню Беларускага незалежнага прафсаюзуАкрамя таго, Вольга Брыцікава адказала на пытаньне, што цяпер зь незалежным прафсаюзам «Нафтану».
«Дзякуючы дзеяньням наймальніка сябры нашага прафсаюзу вымушаны былі або звольніцца з прадпрыемства, або пакінуць прафсаюз. Таму цяпер у прафсаюзнай ячэйцы засталіся я і тыя, хто на пэнсіі. Да таго ж ня выключана, што нас наагул могуць пазбавіць рэгістрацыі. Як вядома, на незалежныя прафсаюзы зараз ідзе сур’ёзны наступ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйкавыя партызаны, інфляцыя і жорсткія санкцыі. Што стала зь Беларусьсю за два месяцы вайныВольгу Брыцікаву затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасаваньня падчас рэфэрэндуму. Яе абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Суд пакараў яе 15 днямі арышту. Аднак ужо празь некалькі дзён яе асудзілі паўторна — за надпісы «Не — вайне» на куртцы, зробленыя на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай.
На трэці раз падставай для суду сталі паперкі з надпісамі «Не — вайне» на вокнах ейнай кватэры, а падставай для чацьвёртага — допіс «Не — вайне» ў Instagram.
Агулам Вольгу Брыцікаву судзілі пяць разоў паводле артыкулу 24.23 («несанкцыянаванае пікетаваньне»). 75 дзён прафсаюзная актывістка правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Вушачах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што з заводамі, якія займелі праблемы праз вайну і санкцыіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.