Саміт АДКБ: Лукашэнка і Пуцін супраць астатніх. Абмеркаваньне экспэртаў

Сьцягі дзяржаваў АДКБ

Чаму на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы Лукашэнка і Пуцін гаварылі пра Захад, NATO і Ўкраіну ледзь не праз слова, а іншыя кіраўнікі дзяржаваў АДКБ увогуле не ўжывалі гэтых словаў? У выніку сёньняшняй сустрэчы лідэраў 6 дзяржаваў — ці зьменяцца адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным? Ці будуць сілы АДКБ, у прыватнасьці Беларусі, ваяваць ва Ўкраіне?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч

  • У дзяржаваў-чальцоў розныя інтарэсы, і перад імі — розныя пагрозы. АДКБ — даволі штучная арганізацыя. Якія аднолькавыя пагрозы могуць быць у Беларусі, Армэніі і Кіргізстану? Іх аб’ядноўвае толькі адно — ляяльнасьць да Расеі.
  • У крытычны момант, калі здараецца такі крызіс, арганізацыя рэагуе так, як мы бачым. Лукашэнка неаднаразова казаў, што гэта Ўкраіна зьбіралася напасьці на Беларусь і Расею. І статут АДКБ павінен быў быць ужыты як мэханізм калектыўнай абароны.
  • Гаворка не пра тое, каб Армэнія ці Казахстан пасылалі свае войскі ваяваць ва Ўкраіну, гаворка пра дыпляматычную і палітычную падтрымку. Пуцін нездарма казаў пра неабходнасьць узгадняць палітыку ў міжнародных арганізацыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Браць прыклад з Эўразьвязу». Што казалі Лукашэнка і Пуцін на саміце АДКБ
  • Пуціна ўразіла, што саюзьнікі не падтрымалі Расею і Беларусь на Генэральнай асамблеі ААН у пытаньні Ўкраіны.
  • Лукашэнка — адзіны, хто адкрыта папракаў іншых чальцоў арганізацыі за адсутнасьць салідарнасьці зь Беларусьсю і Расеяй у іх барацьбе з Захадам.
  • Расея ня проста пачала несправакаваную вайну супраць чальца постсавецкай прасторы. Пуцін патлумачыў, што распад СССР быў несправядлівы, што межы, якія зьявіліся пасьля гэтага, несправядлівыя, і таму Расея мае поўнае права перагледзець гэтыя межы. І гэта тычыцца ўсіх. Тое, як Пуцін патлумачыў гэтую вайну, — гэта пагроза ўсім.
  • Захад адрэагаваў кансалідавана і жорстка. Уступаць у канфлікт зь ім нікому ня хочацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Постсавецкая прастора балянсуе паміж Кіевам і Масквой. Тлумачэньне расейскага палітоляга
  • Санкцыі вельмі моцна ўдарылі па Расеі і па магчымасьці РФ дапамагаць чальцам АДКБ. «Мяккая сіла» Расеі істотна зьменшылася. І краіны АДКБ глядзяць па баках і могуць знайсьці іншага патрона.
  • Для Пуціна не была нечаканай сытуацыя, якая была прадэманстраваная на саміце АДКБ.
  • Расея была б зацікаўленая, каб беларускія войскі, скажам, перакрылі чыгуначныя шляхі на захадзе Ўкраіны, празь якія ва Ўкраіну ідзе заходняя зброя. Але чым далей ідзе вайна, тым ніжэй імавернасьць такога разьвіцьця падзеяў.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

  • Не гаворачы на саміце ні пра Захад, ні пра Ўкраіну, лідэры Армэніі, Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану такім чынам выказалі сваю пазыцыю.
  • Расеі трэба АДКБ, каб прадэманстраваць, што яна не самотная і мае іншых саюзьнікаў, акрамя Лукашэнкі. Астатнія пагадзіліся прыехаць, паківаць галавой. Але яны ўстрымаліся нават ад рытарычнай крытыкі Захаду.
  • Гэтыя лідэры клапоцяцца пра свае нацыянальныя інтарэсы. І яны разумеюць, што разам з Расеяй супрацьпаставіць сябе Захаду — гэта зрабіць вялікую шкоду гэтым нацыянальным інтарэсам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан ня будзе дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі, — першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі казаскага прэзыдэнта
  • Нікол Пашыньян выказаў крыўду на АДКБ, чальцы якой і падчас вайны за Карабах працягвалі прадаваць зброю Азэрбайджану, а Армэнію не падтрымалі ў яе збройным змаганьні.
    • Казахстан вуснамі намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта заявіў, што ня будзе спрыяць таму, каб Беларусь і Расея абыходзілі санкцыі.
  • Расейская прапаганда ня будзе факусавацца на тых супярэчнасьцях, пра якія мы казалі. Будуць гаварыць, што ўсе лідэры прыехалі, падпісалі супольную дэклярацыю, ківалі галовамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь і Расею не падтрымліваюць нават найбліжэйшыя саюзьнікі? Меркаваньне Юрыя Дракахруста
  • Лукашэнку даюць магчымасьць агучыць незадавальненьне Крамля адносна чальцоў АДКБ. Самому Пуціну гэта было б рабіць няёмка.
  • Палымяны заклік Лукашэнкі да кансалідацыі, згуртаваньня не атрымаў станоўчага водгуку. Наўрад ці Пуцін будзе яму надта ўжо ўдзячны за гэты заклік.
  • Лукашэнка сказаў, што калі б было адзінства, то не было б гэтых «пякельных» санкцыяў. Але іншыя кіраўнікі АДКБ могуць падумаць, што калі б яны выступілі адзіным фронтам з Лукашэнкам і Пуціным, то цяпер былі б санкцыі супраць іх і іхных краінаў. Ну дык правільна, што ня выступілі.