Аляксандар Лукашэнка выступіў на сустрэчы за ўзмацненьне палітычнага ўзаемадзеяньня і каардынацыі дзяржаў – сяброў АДКБ. Таксама ён заклікаў дзяржавы-партнэры супрацьстаяць выклікам і пагрозам у інфармацыйнай прасторы. У якасьці сродку — пайсьці па шляху Кітаю ў інфармацыйнай барацьбе ў інтэрнэце.
Таксама Лукашэнка выступіў за ўзмацненьне прагнозна-аналітычнага складніка ў рабоце сакратарыяту АДКБ. На яго думку, трэба падумаць над стварэньнем падразьдзяленьня, якое адказвае за аналіз і стратэгічнае плянаваньне.
Ён ужо не ўпершыню зьвяртаецца да кітайскага досьведу па кантролі ў інтэрнэце. Увесну 2021 году пасьля масавых пратэстаў у Беларусі Лукашэнка на нарадзе са сваімі падначаленымі патрабаваў «максымальна выкарыстаць досьвед Кітаю ў пабудове лічбавага грамадзтва» і стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгуляваньня сфэры інфармацыйных тэхналёгій.
Варта адзначыць, што Кітай выдаткоўвае на інтэрнэт-кантроль мільярды даляраў, аднак усё адно існуюць некалькі спосабаў абыходу блякаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка палохае, што з інтэрнэтам будзе, як у Кітаі. Тлумачым, як гэта выглядае тамТаксама на саміце Лукашэнка пахваліў адзінства Эўрапейскага Зьвязу, які прымае рашэньні «нават нягледзячы на тых, хто ня згодны». Таму ён заклікаў да большай каапэрацыі ў рамках АДКБ.
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі: Празь некалькі гадоў у складзе АДКБ будуць дзясяткі дзяржаваў