Хроніка перасьледу 16 траўня: год калёніі за заклік «Падпальваем „Табакеркі“!»

«Табакерка». Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

У судзе Савецкага раёну Гомля вынесьлі прысуд Івану Чарнаморчанку, паведамляе правааабарончы цэнтар «Вясна».

Мужчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Суд палічыў, што такімі дзеяньнямі стаў пост у адным з тэлеграм-каналаў у 2020 годзе з заклікам «Падпальваем „Табакеркі“!».

Абаронца падсуднага ў судзе настойвала на тым, што сувязі паміж паведамленьнем і пашкоджаньнямі кіёскаў адсутнічае, а лінгвістычная экспэртыза ўстанавіла, што ў паведамленьні «няма закліку да распальваньня сацыяльнай варожасьці».

Аднак судзьдзя Аляксандар Мохараў прысудзіў Чарнаморчанку год калёніі агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Віктара Бабарыку 10 дзён трымалі ў штрафным ізалятары; у Беларусі ўжо больш за 1,2 тысячы палітвязьняў