«Роскомнадзор» заблякаваў на тэрыторыі Расеі сайт «The Village Беларусь» на патрабаваньне Генпракуратуры Расеі. Як піша праваабарончы праект «Роскомсвобода», 15 траўня рэдакцыя атрымала ліст ад «Роскомнадзора»з патрабаваньнем выдаліць артыкул з разборам афіцыйнай расейскай вэрсіі абстрэлу вакзала ў Краматорску. Журналісты адмовіліся выдаляць матэрыял.
Генпракуратура Расеі палічыла, што тэкст зьмяшчае «фэйкі» аб «актах тэрарызму», якія ствараюць пагрозу «жыцьцю і здароўю грамадзян».
Сайт «The Village Беларусь» заблякаваны ў Беларусі са жніўня 2020 году.
Краматорск знаходзіцца на поўначы Данецкай вобласьці, гэта падкантрольная Ўкраіне тэрыторыя. Па дадзеных гарадзкіх уладаў, з 250 тысяч жыхароў у горадзе застаецца прыкладна пятая частка.
8 красавіка ў выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па вакзале Краматорску загінулі 57 чалавек. Расея адмаўляе дачыненьне да ўдару, ускладаючы адказнасьць на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія СМІ ў Расеі сутыкнуліся з абмежаваньнямі пасьля пачатку вайны з Украінай