200 міляў для герояў. Амэрыканскія беларусы зладзілі дабрачынны прабег для Беларусі і Ўкраіны

Удзельнікі беларускіх камандаў у Каліфорніі

У Каліфорніі адбылася спартовая акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і ўкраінскімі салдатамі. 24 беларусы ў бел-чырвона-белай форме прабеглі 400 міляў у знак падтрымкі свабоднай Беларусі і за мір ва Ўкраіны.

Дзьве беларускія каманды «Free Belarus» (капітан Кацярына Масоха) і «Пагоня» (капітан Андрэй Рэмянчук)сабралі таксама сродкі для ўкраінскага шпіталя і беларускіх палітвязьняў, якія выходзяць на волю. Пра акцыю Свабодзе расказалі прэзыдэнтка Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі Надзея Нортан і беларускі IT-спэцыяліст Андрэй Рэмянчук. Абое прымалі ўдзел у прабегу.

«Ідэя акцыі „Спорт для салідарнасьці“ зьявілася год таму, дзякуючы праекту „Падарожжа БЧБ“, калі мы сустрэліся зь беларусамі з Портланда (Арэгон), з цудоўнай дзяўчынай, бягухай Кацярынай і яе партнэрам Сяргеем. Мы сустрэліся, перадалі сьцяг адзін другому і разьехаліся. Але да гэтага яны расказалі, што ёсьць такая эстафэта, клаі зьбіраюцца каманды па 12 чалавек і бягуць, давайце, маўляў, створым нешта такое і будзем бегчы за Беларусь. Мне вельмі спадабалася такая ідэя і я адразу яе падтрымала». — кажа Надзея.

Першая каманда называлася Team Belarus. Першую эстафэту яе 12 удзельнікаў прабеглі ў штаце Арэгон. Гэта акцыя атрымала вялікі розголас, пасьля якога далучылася ў два разы больш бегуноў. Так узьнікала і другая каманда — «Pahonia».

«Дзьве нашыя каманды прабеглі разам 400 міляў. Можна выбіраць за што тоы бяжыш. Мы беглі за вольную Беларусь і ў падтрымку Ўкраіны і тых людзей, якія змагаюцца за сваю свабоду». — дадае Надзея Нортан.

Андрэй Рэмянчук

Бягун каманды Андрэй Рэмянчук расказаў, што чальцы каманды бягуць свае адрэзкі па чарзе. Пачынаецца такі забег пасьля 6 гадзіны ранку. Адзін чалавек бяжыць каля 6-8 міляў. Адзін з адрэзкаў Андрэй бег зь вялікім украінскім сьцягам у руцэ.

«Іншыя ўдзельнікі едуць на мікрааўтобусе і чарговы бягун сустрака першага. Мяняюцца эстафэтнай палачкай і так далей. Калі 6 чалавек сканчваюць свой бег, то ў нас застаецца каля 4 гадзінаў, каб паспаць. Кожны ў выніку бяжыць цягам двух сутак па тры адрэзкі. Бегчы даводзілася нават уначы, бо тады была меншая сьпякота. І так фінішуем раніцай наступнага дня», — гаворыць Сяргей.

Падчас прабагу адбываўся дабрачынны збор грошай. Дзеля гэтага была выкарыстаная фаўндрэйзынгавая плятформа«Фонду па правах чалавека».
«Збор ідзе на мэдычнае абсталяваньне для шпіталя Пірагова ва Ўкраіне. Мы ўжо сабралі 1,5 тысячы даляраў, але збор будзе працягвацца ўвесь травень і да яго можна далучыцца. Другая палова сабраных сродкаў пойдзе на падтрымку палітвязьняў, якія выходзяць на волю і якім неабходная першасная дапамога пасьля вязьніцы. Мы абеклеілі чатыры мікрааўтобусы QR-кодамі і раздавалі візытоўкі. Па ахвяраваньнях я бачу, што палова людзей гэта былі выпадковыя амэрыканцы, якія ўбачылі нас на вуліцы. Некаторыя фатаграфавалі код, калі мы ехалі на машыне, бо ў нас быў заклік дапамагчы свабоднай Беларусі і Ўкраіне». — гаворыць Надзея.

Жадаючых бегы было больш, чым месцаў. У эстафэце прымалі ўдзел беларусы з сямі штатаў. Надзея Нортан заклікае беларусаў з усяго сьвету ствараць такія спартыўныя каманды для рознай актыўнасьці, неабавязкова для бегу. Гэта можа быць футбол, валейбол і іншыя віды спорту. Цяпер яна разам з сябрамі фармуе каманду на маратон у Сан-Фрынцыска.

«Гэта важна, што нас бачаць. Бо на эстафэтах мы перадаем сьцягі. Гэта неверагодна прыгожа і людзі пытаюцца, а што гэта сьцяг. Мы тлумачым, хто мы і што, раздаем візытоўкі, гэта прыцягвае шмат увагі». — кажа Надзея Нортан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нью-Ёрк падтрымлівае «Беларуськалій», а Сан-Францыска — Жабінку. Як беларусы Амэрыкі дапамагаюць землякам на радзіме