Кіраўніком Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы прызначылі экс-начальніцу музэю ВАВ

Музэй Янкі Купалы ў Менску

Міністар культуры Анатоль Маркевіч прэзэнтаваў калектыву Дзяржаўнага літаратурнага музэя Янкі Купалы новага кіраўніка — Ганну Галінскую.

Аб гэтым БелТА паведамілі ў музэі. Больш за 20 гадоў Ганна Галінская адпрацавала ў Беларускім дзяржаўным музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 9 зь іх — намесьніцай дырэктара па навуковай рабоце.

Папярэднюю дырэктарку літаратурнага музэю Янкі Купалы Алену Ляшковіч звольнілі 5 студзеня. Прычынай адстаўкі Ляшковіч была палітыка — экс-дырэктарка адмовілася звальняць сваіх супрацоўнікаў па палітычных прычынах.

Алена Ляшковіч кіравала дзейнасьцю Літаратурнага музэю Янкі Купалы 15 гадоў. За гэты час у музэі і філіялах стварылі новыя экспазыцыі, адной з першых у Беларусі пачалі выкарыстаньне ў экспазыцыйнай прасторы мультымэдыйных сродкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарка музэю Янкі Купалы страціла пасаду за тое, што адмовілася звальняць супрацоўнікаў з палітычных матываў

Усяго вядома пра больш як 300 палітычна матываваных звальненьняў у сфэры культуры. Шэраг людзей быў змушаны пакінуць Беларусь.

Вялікая айчынная вайна — савецкі тэрмін, які называе пэрыяд з 22 чэрвеня 1941 году па 9 траўня 1945. Уключае ў сябе пэрыяд ІІ усясьветнай вайны ад часу нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Музэй ВАВ у Менску прадстаўляе савецкі погляд на падзеі той вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Міністэрства культуры звольнілі дзьвюх спэцыялістак, якія баранілі гістарычныя помнікі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар культуры заявіў, што больш як 300 супрацоўнікаў звольненыя за «дэструктыўную пазыцыю»