Украінцы набралі 631 бал — 192 ад журы і 439 ад тэлегледачоў. Другое месца заняў сьпявак зь Вялікабрытаніі, трэцяе — прадстаўніца Гішпаніі.
Падчас фінальнага выступу Kalush Orchestra заклікаў сьвет падтрымаць Марыюпаль і «Азовсталь».
«Выратуйце Марыюпаль, выратуйце „Азовсталь“ цяпер», — сказаў са сцэны заснавальнік і фронтмэн гурта Алег Псюк.
У падтрымку Ўкраіны са сцэны таксама выказаліся канкурсанты зь Ісьляндыі і Нямеччыны.
Арганізатары «Эўравізіі» назвалі заклікі са сцэны дапамагчы Марыюпалю і заявы ў падтрымку Ўкраіны «гуманітарнымі, а не палітычнымі».
Палітычныя выказваньні на сцэне конкурсу забароненыя, за іх дыскваліфікуюць.
Раней Украіна ўжо двойчы перамагала на «Эўравізіі». Руслана (Руслана Лыжычка) зь песьняй «Дзікія танцы» атрымала перамогу ў 2004 годзе. У 2016 годзе ўкраінская сьпявачка Джамала перамагла з песьняй «1944».
Расею сёлета выключылі з «Эўравізіі» з прычыны агрэсіі супраць Украіны. Беларусь не ўдзельнічала ў конкурсе апошнія два гады.
Што адбываецца ў Марыюпалі
Цяпер, па словах міністра па рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірыны Верашчук, вядуцца «вельмі складаныя перамовы» аб эвакуацыі вайскоўцаў з марыюпальскага завода «Азовсталь».
7 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў аб падрыхтоўцы другога этапу эвакуацыйнай місіі — эвакуацыі параненых і мэдыкаў.
Пазьней Зяленскі заявіў, што Ўкраіна цяпер ня можа разблякаваць Марыюпаль вайскова. Ён дадаў, што Кіеў спрабуе дамагчыся эвакуацыі з дапамогай дыпляматыі, і менавіта яна дазволіў эвакуаваць мірных жыхароў з завода. Затое Масква адмаўляецца абмяркоўваць ваенны калідор. У той жа час Украіна ўцягнула ў перамовы прадстаўнікоў Турцыі, Ізраіля, Швайцарыі, Францыі, ААН і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.
Марыюпаль быў аточаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціў у горадзе ўжо трэці месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі няма ў сьпісе ўдзельнікаў «Эўравізіі» 2022 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрабачаньне ці Эўравізія?