Генэрал расейскага войска Аляксандар Жураўлёў у канцы лютага даў загад абстраляць Харкаў касэтнымі боепрыпасамі «Сьмерч», гаворыцца ў расьсьледаваньні тэлеканалу CNN.
Журналісты прааналізавалі відэазапісы ракетных удараў і фатаздымкі снарадаў, якія не разарваліся, зь месцаў выбухаў, а таксама пагаварылі з экспэртамі і відавочцамі атак. Агулам журналісты адсачылі 11 удараў з выкарыстаньнем рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч» 27 і 28 лютага 2022 году.
Журналісты CNN высьветлілі, што Харкаў абстрэльвала 79-я ракетна-артылерыйская брыгада, якая цяпер базуецца ў Белгарадзкай вобласьці, што мяжуе з Украінай. Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што загад аб выкарыстаньні «Сьмерчу» мог аддаць толькі камандуючы вайсковай акругі, у якой дысьлякуецца брыгада, — генэрал-палкоўнік Жураўлёў.
Крэмль і Мінабароны Расеі не адказалі на запыт CNN аб камэнтарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ваеннае злачынства з гледзішча міжнароднага права». Дасьледнік пра абстрэл Харкава фугаснымі авіябомбамі і «Сьмерчам»У 2016 годзе Жураўлёў камандаваў групоўкай расейскага войска ў Сырыі. ААН паведамляла, што ў пэрыяд камандаваньня Жураўлёва колькасьць удараў касэтнымі боепрыпасамі па сырыйскім горадзе Алепа рэзка павялічылася. Мінабароны Расеі адмаўляла выкарыстаньне касэтных снарадаў у Сырыі, але ў 2019 годзе паказала іх на выставе зброі, якая прымяняецца падчас вядзеньня ваенных дзеяньняў у Сырыі.
Касэтная бомба ўяўляе сабой кантэйнэр, начынены баявымі элемэнтамі: мінамі або флэшэтамі — маленькімі дроцікамі, якія пры выбуху могуць уразіць тэрыторыю памерам у некалькі футбольных палёў.
У 2010 годзе пачала дзейнічаць Канвэнцыя, якая забараняе прымяненьне касэтных боепрыпасаў. Дамову падпісалі больш за сто дзяржаў. Украіна і Расея да дамовы не далучыліся.