Індыя ўвяла забарону на экспарт пшаніцы на фоне росту цэнаў

Улады Індыі абмежавалі экспарт пшаніцы для забесьпячэньня ўласнай харчовай бясьпекі, піша The Times of India.

Гэты крок быў зроблены на фоне меркаванага значнага падзеньня вытворчасьці з прычыны моцнай сьпёкі і рэзкага росту ўнутраных коштаў на прадукты харчаваньня, асабліва на зерневыя. Абмежаваньні не закрануць экспартныя замовы, ужо заключаныя прыватнымі трэйдарамі, адзначае Hindustan Times.

Індыя — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца пшаніцы, яе доля складае 13,5%. Забарона на экспарт, верагодна, прывядзе да далейшага росту сусьветных цэн на прадукты харчаваньня.

Краіны Захаду неаднаразова папярэджвалі аб магчымым харчовым крызісе і голадзе ў шэрагу краін праз вайну Расеі з Украінай, бо абедзьве гэтыя дзяржавы — вядучыя экспартэры збожжа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН паведаміла пра блякаваньне мільёнаў тон збожжа ў партах Украіны

З прычыны баявых дзеяньняў амаль чатыры з паловай мільёны тон збожжа заблякаваныя ў партах Украіны. Прадукцыю немагчыма экспартаваць праз зачыненыя марскія шляхі. Расея і Ўкраіна абвінавачваюць адна адну ў зрывах паставак.

У сакавіку ААН зафіксавала рост цэнаў на прадукты больш як на 12 працэнтаў. Гэта стала рэкордам з 1990 году. Рэзкі рост цэнаў на прадукты харчаваньня і перабоі з пастаўкамі з Расеі і Ўкраіны паставілі пад пагрозу сытуацыю з харчамі ў краінах Блізкага Ўсходу, Афрыкі і некаторых рэгіёнах Азіі, дзе насельніцтва пастаянна недаядае і дзе мільёны людзей выжываюць за кошт субсыдаванага хлеба і таннай локшыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта палітычна немагчыма». У Брусэлі не разглядаюць магчымасьці вазіць украінскае збожжа празь Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн паабяцаў дапамагчы кампэнсаваць дэфіцыт харчоў, які ўзьнік праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расейцы незаконна вывезьлі з Украіны ў анэксаваны Крым для продажу амаль паўмільёна тон збожжа