13 траўня чытач Zerkalo.io паведаміў, што ўвечары 12 траўня ў Горадзенскую ўнівэрсытэцкую клініку і Горадзенскі вайсковы шпіталь паступілі двое вайскоўцаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны атрымалі траўмы пры счэпцы танкаў ці БТРаў.
«У Горадні ім аказваюць дапамогу, — кажа чытач выданьня. — Аднаму з пацярпелых ужо выдалілі адно лёгкае. Апэрацыю хлопцам рабілі сёньня ўночы. Адзін зь іх у рэанімацыі ўнівэрсытэцкай клінікі на ШВЛ у цяжкім стане. У яго множныя пераломы, разрыў лёгкага, траўмы кішачніка. Увогуле, траўмы і касьцей, і ўнутраных органаў. Другі лягчэйшы. Ён быццам бы знаходзіцца ў вайсковым шпіталі».
Адзін з супрацоўнікаў Горадзенскай унівэрсытэцкай клінікі пацьвердзіў Zerkalo.io гэтую інфармацыю. Паводле яго зьвестак, пацярпелы паступіў у мэдустанову ўвечары 12 траўня.
«Аднаго вайскоўца ў нас дакладна апэрыравалі. Зрабілі рэзэкцыю лёгкага. Стабільны, — расказаў суразмоўца. — Незразумела, чаму прывезьлі ў нашу клініку: вайскоўцаў адпраўляюць зазвычай у Горадзенскі вайсковы шпіталь. Нібыта БТРам прыціснула».
Дзе дакладна ўсё адбылося, пакуль невядома. Каля Горадні ёсьць адзін танкавы палігон, ён знаходзіцца ў Горадзенскім раёне недалёка ад аграгарадка Гожа.
Выданьне патэлефанавала на «гарачую лінію» Міністэрства абароны ад імя бацькоў прызыўніка. Дзяжурны супрацоўнік сказаў, што «нічога пра салдатаў ня чуў» і гэта «няправільная інфармацыя».
«Я вам сапраўды кажу, што ні сёньня, ні ўчора ні на якім палігоне ніхто не пацярпеў. Дрэнна, што чуткі ўсялякія няправільныя распаўсюджваюцца. Не хвалюйцеся», — сказаў супрацоўнік Міністэрства абароны Беларусі.
Таксама журналісты даслалі запыт у прэс-службу ведамства, але адказу пакуль не атрымалі. З 10 траўня ў Беларусі пачаўся другі этап раптоўнай праверкі сіл рэагаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны: Сілы спэцыяльных апэрацый Беларусі разгарнулі на трох тактычных кірунках ля мяжы з Украінай