Моладзь выбірае пратэст і Эўропу, — вынікі апытаньня

Дзень волі, Менск, 25 сакавіка 2018

Дасьледчая група Моладзевага блёку правяла апытаньне беларускай моладзі (18–35 гадоў). Выбарка рэспандэнтаў фармавалася з дапамогай рэклямы ў сацсетках (VK, OK, TikTok, FB, Instagram).

Дасьледчыкі адзначаюць, што ў выбарцы недапрадстаўленыя малаадукаваныя і вясковыя групы моладзі. Таму, паводле аўтараў апытаньня, сапраўдныя прапорцыі адказаў могуць адрозьнівацца ад атрыманых у дасьледаваньні на 15 адсоткавых пунктаў.

Прыводзім некаторыя вынікі дасьледаваньня.

  • Сярод апытаных 17% — прыхільнікі ўлады і 83% — яе праціўнікі.
  • Большасьць афіцыйных дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў характарызуюцца нізкім даверам з боку моладзі.

Давер да дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў

  • На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году галасавала большасьць моладзі (90%), на парлямэнцкіх 2019 году — каля траціны (31%), на мясцовых 2018 году — каля чвэрці (24%). Ядро моладзі, якая ўдзельнічала ва ўсіх трох выбарах, складае 21%; 8% рэспандэнтаў не ўдзельнічалі ні ў якіх з гэтых выбараў.
  • Найбольш вядомыя моладзі палітыкі і грамадзкія дзеячы краіны — Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская, Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. Пры гэтым усе палітычныя фігуры, акрамя Лукашэнкі, значна менш вядомыя прыхільнікам улады, чым яе праціўнікам. Гэта тычыцца і прадстаўнікоў улады, такіх як Уладзімір Макей і Натальля Качанава.

Веда пра палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў

  • Моладзь дэманструе вельмі высокую гатоўнасьць удзельнічаць у палітыцы. Сярод праціўнікаў дзейнай улады іх 83%, але і сярод маладых прыхільнікаў улады іх амаль кожны другі (49%).

Гатоўнасьць да ўдзелу ў палітыцы

  • У адказах на пытаньне аб стаўленьні да краінаў-суседак большасьць апытаных выказала пазытыўнае стаўленьне да Ўкраіны, Літвы, Польшчы і Латвіі і адмоўнае — да Расеі.

Стаўленьне да краінаў-суседзяў

  • Найбольшая доля апытаных лічыць, што беларусам найлепш было б жыць у Балта-Чарнаморскім зьвязе. Прыхільнікі і праціўнікі ўлады найбольш адрозьніваюцца ў стаўленьні да Эўразійскага саюзу, сярод прыхільнікаў улады яму аддаюць перавагу 54%, сярод праціўнікаў улады — усяго 1%.

У якім міждзяржаўным саюзе Беларусі лепш быць?

  • Падчас апісанага апытаньня ў рэспандэнтаў цікавіліся, якую, на іх погляд, палітыку павінна весьці Беларусь адносна вайны Расеі з Украінай. У апытаньні сярод моладзі найбольш папулярным варыянтам адказу быў нэўтралітэт Беларусі ў канфлікце (32%), на другім месцы — падтрымка Ўкраіны (25%).

Якую палітыку павінная весьці Беларусь адносна вайны Расеі ва Ўкраіне?

  • Можна параўнаць, апытаньне, праведзенае дасьледчай групай Моладзевага блёку сярод моладзі, з апытаньнем, якое правёў у красавіку Chatham House сярод інтэрнэтызаванага гарадзкога насельніцтва. У апытаньні Chatham House самым распаўсюджаным адказам быў выбар на карысьць неваеннай падтрымкі Расеі з боку Беларусі (27%), на другім месцы — нэўтралітэт (23%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ня хочуць ваяваць супраць Украіны, але ў стаўленьні да вайны падзеленыя напалам. Вынікі апошняга апытаньня Chatham House