«Яго затрымалі ў той жа вечар, калі ён здымаў работнікаў малочнага камбіната. Як і дзе яго схапілі, я ня ведаю. Але ў той жа вечар прыйшлі па яго жонку, сказалі: „Хадземце“. Яна пацікавілася, дзе Расьціслаў, адказ быў: „А Расьціслаў ужо ў нас“, — расказаў „НН“ сябар блогера. — Пасьля ў іх дома быў ператрус, забралі мабільнікі, кампутарную тэхніку».
Дакладна лёс блогера невядомы. Яго сябар кажа, што Чапурному ўжо прысудзілі 10 сутак. Таксама ёсьць асьцярога, што цяпер Расьціслава могуць абвінаваціць у чымсьці больш сур’ёзным, па чутках, нават у тым, што ён сам арганізаваў той «страйк».
«Ніякай палітыкай Расьціслаў не займаўся, наадварот, стараўся ў гэтую сфэру ня лезьці. Працаваў фармацэўтам, блогерства для яго больш як хобі.
Ён здымаў агляды на дастаўку, ролікі пра маладачанскае жыцьцё. Вядома, часам яму пісалі нешта ў сацсеткі, прасілі асьвятліць нейкія падзеі. Магчыма, так адбылося і з гэтым сходам работнікаў малочнага камбіната, — кажа сябар блогера. — Тое, што ён сам мог неяк арганізаваць гэтую забастоўку — гэта проста сьмешна, абсурд».
Улады заявілі, што заробкі ўпалі да 200–300 рублёў выпадкова, у выніку кампутарнага збою.
Паводле раённага выданьня, «Маладзечанскай газеты», новая праграма пры налічэньні зарплаты дала збой.
«Будзе праведзены пераразьлік, і людзі атрымаюць тое, што ім належыць».
Выданьне нібыта паразмаўляла з работнікамі прадпрыемства, якія выходзілі за прахадную. Ніякіх іхных цытат і імёнаў аўтар не прыводзіць, а піша наступнае: «Людзям сорамна. І іх можна зразумець. Яны сталі „лялькамі“ ў руках умелага рэжысэра».
Па вэрсіі «Маладзечанскай газеты», з красавіка малочны камбінат увайшоў у сталічны холдынг як вытворчы ўчастак, якім кіруе Лідзія Стаўрова. 10 траўня людзі атрымалі разьліковыя лісты. Некаторыя работнікі былі зьдзіўленыя, што заробак у іх ніжэйшы, чым у мінулым месяцы.
Але блогеру Расьціславу Чапурнову супрацоўнікі расказалі, што рэарганізацыя на прадпрыемстве адбылася ў лютым. І праблемы з заробкам пачаліся ў лютым, а ня ўчора.
Раней на камбінаце атрымлівалі ў сярэднім каля тысячы рублёў. Цяпер работнікі атрымліваюць па 300–400 рублёў, а штат скарацілі з 200 да 50 чалавек.
Як расказала «Медиазоне» адна з супрацоўніц, сам страйк пачаўся раніцай: супрацоўнікі прыйшлі на вытворчасьць, але не запускалі яе. Потым да іх прыехалі «людзі зь Менску», якія паабяцалі зрабіць аднаразовую выплату. Пасьля гэтага страйкоўцы вярнуліся на вытворчасьць. Супрацоўніца тлумачыць гэта страхам людзей страціць працу, якую цяжка знайсьці ў Маладэчне: «Гэтых 400 рублёў баісься страціць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Работнікі малаказаводу ў Маладэчне сабралі сход на прахадной, пагражаюць звольніцца з прычыны нізкіх заробкаў