У заяве гаворыцца, што Міністэрства адукацыі, моладзі і спорту Чэскай Рэспублікі «цалкам падтрымлівае намаганьні беларускай грамадзянскай супольнасьці і працягне аказваць падтрымку як адлічаным студэнтам, так і навукоўцам, якія перасьледуюцца ў Беларусі з палітычных матываў, у выглядзе стыпэндый для студэнтаў, азнаямленчых паездак ці стажаў».
Акрамя таго, у міністэрстве запэўнілі, што чэскія ВНУ будуць і далей прымаць абітурыентаў з Рэспублікі Беларусь, калі яны будуць адпавядаць умовам прыёму. Таксама ў заяве гаворыцца, што ў выпадку «навучальных праграм, якія будуць ацэненыя Упраўленьнем фінансавага аналізу як „рызыкоўныя“, унівэрсытэты будуць падыходзіць да студэнтаў індывідуальна і шукаць рашэньні ў іх сытуацыі, каб максымальна абараніць іх законныя інтарэсы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: Нельга караць беларусаў за дзеяньні ЛукашэнкіТаксама ў заяве Сьвятланы Ціханоўскай і міністра адукацыі Чэхіі Пэтэра Газьдзіка гаворыцца, што студэнты зь Беларусі, якія ўжо навучаюцца па такіх напрамках, не павінны быць адлічаныя з прычыны іх грамадзянства:
«Усе выпадкі навучаньня па рызыкоўных навучальных праграмах будуць ацэньвацца індывідуальна, і ўзьдзеяньне на канкрэтных студэнтаў павінна адбывацца толькі ў крайніх выпадках, калі даказана пагроза інтарэсам Чэскай Рэспублікі і Эўрапейскага Зьвязу. Аднак нават у гэтых выпадках ВНУ пераважна прапануюць альтэрнатыўны спосаб навучаньня (іншая навучальная праграма або індывідуальны плян навучаньня)».
Міністэрства адукацыі Чэхіі абяцае, што будзе заклікаць ВНУ не дапускаць дыскрымінацыі беларускіх студэнтаў па прыкмеце іх нацыянальнасьці або грамадзянства Рэспублікі Беларусь.
- Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца ў Чэхіі з трохдзённым візытам, падчас якога мае сустрэчы з прэзыдэнтам, прэм’ерам, кіраўнікамі парлямэнту, мэрам Прагі, ключавымі міністрамі.
- Падчас візыту ў Прагу Ціханоўская дамаглася выключэньня Беларусі з плянаванага чэскага закону аб адказнасьці Расеі і рэжыму Лукашэнкі за вайну ва Ўкраіне, які зрабіў бы міграцыю беларусаў у Чэхію немагчымай.