Суд ва Ўкраіне наклаў арышт на 158 адзінак аўтамабіляў і спэцтэхнікі зь Беларусі агульным коштам каля 220 мільёнаў грыўняў ($7 млн).
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны. Арышт накладзены ў межах крымінальнай справы аб ухіленьні ад выплаты падаткаў.
Паведамляецца, што ў 2021–2022 гадах службовыя асобы ўкраінскага таварыства з замежнымі інвэстыцыямі ўвезьлі гэтую тэхніку, але частка яе, агульным коштам каля 105 мільёнаў грыўняў, не была як сьлед аформлена ў падатковым і бугальтарскім уліку.
Паводле Бюро, з дапамогай такой схемы прадпрымальнікі ўхіліліся ад выплаты падаткаў больш як на 10 мільёнаў грыўняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўдакладнілі працэдуру канфіскацыі маёмасьці Расеі. Пад яе можа падпасьці і Беларусь