Экс-кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Фенчуку прысудзілі 2,5 года турмы

Віктар Фянчук

Колішняга кіраўніка зьліквідаванай судом за «экстрэмісцкую» дзейнасьць арганізацыі асудзілі ў судзе Маскоўскага раёну Менску.

Як паведамляе Greenbelarus.info, суд пакараў навукоўца-арнітоляга Віктара Фянчука двума з паловай гадамі зьняволення ў калёніі агульнага рэжыму, залічыўшы час у СІЗА як дзень за паўтара. Такім чынам, Фенчуку застанецца правесьці ў зьняволеньні каля паўтара года.

Раней дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для яго якраз такое пакараньне.

Да матэрыялаў справы былі далучаныя фатаздымкі з маршаў. Таксама вядома, што ў Віктара канфіскавалі кубак з надпісам «Для чаю з малінавым варэньнем».

Пракурор таксама прасіў спагнаць зь Фенчука 196 тысяч рублёў на карысьць «Менсктрансу».

Віктар Фянчук — прафэсійны арнітоляг, каардынатар праграм Франкфурцкага заалягічнага таварыства. У 2007–2014 гадах узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны», пасьля быў яе супрацоўнікам. Фянчук кіраваў буйнамаштабнымі праектамі ў вывучэньні, захаваньні і аднаўленьні прыродных экасыстэм.

Віктара затрымалі пасьля ператрусу ў менскім офісе арганізацыі 31 жніўня 2021 году. Адразу яго пакаралі «суткамі» ў адміністрацыйнай справе, а потым выставілі абвінавачаньне паводле арт. 342 КК.

19 сакавіка 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» за «экстрэмісцкую дзейнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над экс-кіраўніком «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктарам Фенчуком, яму пагражае 4 гады турмы