Пад лёзунгамі аб «дэнацыфікацыі» расейскія ракеты білі па Бабіным Яры, габрэйскіх могілках у Глухаве, Беркаўцы, Харкаве і Белай Царкве. Траплялі яны і ў будынкі сынагог. Так, у Харкаве расейская ракета ўзарвалася каля сынагогі ў той час, калі ўнутры было больш за 100 юдэяў. Сынагога, якая лічыцца другой па велічыні ў Эўропе, таксама пацярпела.
Пра сьцьвярджэньні Расеі аб «дэнацыфікацыі» і «барацьбе з нацыстамі» ва Ўкраіне, злачынствах расейскіх узброеных сіл, а таксама пазыцыі Ізраілю адносна вайны ва Ўкраіне, журналісты Голасу Амэрыкі пагаварылі з галоўным рабінам Украіны Машэ Рэўвэнам Асманам.
— Расея працягвае выкарыстоўваць тэзісы пра «дэнацыфікацыю» і «барацьбу з нацыстамі» ва Ўкраіне. Расейскія войскі працягваюць выкарыстоўваць гэтыя тэзісы, апраўдваючы імі забойства мірнага насельніцтва, у тым ліку і габрэяў. Што вы думаеце пра гэтыя тэзы?
— Шчыра кажучы, гэта ўжо ня сьмешна, бо гэтыя тэзы абсалютна не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Апошнія відэа, якія я выстаўляў у фэйсбуку ці тэлеграм-канале, называю, напрыклад: «Яны дэнацыфікавалі габрэйскія могілкі ўчора ў Глухаве».
Яны ўдарылі ракетамі па габрэйскіх могілках у Глухаве. Яны «дэнацыфікавалі» Бабін Яр, габрэйскія магілы ў Беркаўцы, Харкаве, Белай Царкве. Гэта называецца «дэнацыфікацыя».
Або, напрыклад, аб Марыюпалі. Мы бралі інтэрвію ў дзяўчыны з Марыюпалю, у якой бацька габрэй. Яго забілі расейскай мінамётнай зброяй. Яго пахавалі, прысыпалі зямлёй проста ў двары. Учора ці сёньня яго перапахавалі. Таксама «дэнацыфікацыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Контранаступ украінцаў пад Харкавам, абстрэлы Запарожжа і Славянску. 77-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныАбо калі яны страляюць ракетамі па расейскамоўных Харкаве, Марыюпалі — гэта таксама «дэнацыфікацыя». Калі яны ў Бучы расстрэльвалі і зьдзекаваліся зь людзей — таксама была «дэнацыфікацыя».
Яны самі паводзяць сябе, як нацысты. Таму каго яны дэнацыфікуюць? Яны забіваюць людзей, мучаць, гвалцяць. Гэта называецца «дэнацыфікацыя». Яны проста прыдумалі такую тэорыю, каб апраўдаць свае злачынствы.
— Вы кажаце, што расейскія войскі паводзяць сябе, як злачынцы. Расейскія войскі абстралялі Бабін Яр, расейская ракета трапіла на дах сынагогі ў Харкаве. Ці знаходзіце вы гэта сымбалічным, што цяпер месцы злачынстваў нямецкага акупацыйнага камандаваньня падчас Другой сусьветнай вайны становяцца месцам ваенных злачынстваў, але цяпер ужо расейскай арміі?
— Учора быў у мястэчку Лесьнікі, што паблізу Кіева. Там ёсьць дагледжаны мэмарыял воінам савецкай арміі. Я размаўляў зь вясковым старастам, які служыць у тэрабароне. Пытаю яго: як жа так, што гэты помнік настолькі акуратна дагледжаны? Ён кажа, што гэта сымбалічна — менавіта тут праходзіла лінія абароны Кіева, калі нямецкія фашысты наступалі на Кіеў. Менавіта тут было вельмі шмат земляных агнявых пунктаў. Сымбалічна, што па гэтым жа кірунку наступалі і расейскія войскі. Такая ж карціна. Вяртаючыся да пытаньня, атрымалася шмат сымбалізму. Магчыма, ніхто ня ставіў за мэту, але атрымалася сымбалічна.
— Сярод многіх у Бучы загінуў журналіст Зараслаў Замойскі. Наколькі нам вядома, ён належаў да вашай сынагогі. Вы прысутнічалі на яго пахаваньні. Перад сьмерцю Зараслаў асьвятляў расейскае ўварваньне. Яго забілі расейскія войскі. На вашу думку, ці быў ён забіты менавіта за працу, якой ён займаўся? Што вы адчувалі, калі апраўдваючы тэзамі «дэнацыфікацыі» і «барацьбы з нацыстамі», расейскія войскі забілі Зараслава?
— Я не прысутнічаў пры забойстве, але я бачыў яго цела. Цела было прастрэленае, былі сьляды сінякоў, думаю, гэта былі сьляды катаваньняў. Ён выходзіў на сувязь у фэйсбуку да 4 сакавіка, а затым уцёк. Яго цела знайшлі сярод сотняў закатаваных у Бучы. Мы ведаем, што адбывалася ў Бучы. Увесь сьвет убачыў гэтыя жахі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка — саўдзельнік у гэтай вайне». Намесьніца памочніка дзяржсакратара ЗША пра санкцыі, дапамогу Ўкраіне і магчымасьць ядзернай вайны— Нядаўна вы запісвалі зварот аб камэнтары расейскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, у якім маскоўскі чыноўнік спрабаваў абвінавачваць Украіну ў нацызьме, пагардліва казаў аб габрэйскім паходжаньні ўкраінскага прэзыдэнта Уладзіміра Зяленскага і камэнтаваў паходжаньне Гітлера. Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня падчас тэлефоннай размовы за словы міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, і ўлады Ізраіля прынялі гэтае прабачэньне. На вашу думку, ці было гэтага прабачэньня дастаткова?
— Вядома, не. Па-першае, ён прасіў прабачэньня ў Ізраіля. Унутры Расеі гэтага не пачулі, у той час як Лаўроў сказаў гэта, хутчэй за ўсё, для ўнутранай аўдыторыі. Таму што ў людзей у галаве ня ўкладвалася — быццам супраць нацыстаў ваююць, а там прэзыдэнт — габрэй. Трэба было неяк апраўдаць.
— Існуе крытыка ў бок Ізраілю адносна мяккай пазыцыі што да вайны ва Ўкраіне, у тым ліку наконт СПА-сыстэмы «Жалезны купал», які просіць Украіна. Зрэшты, па нядаўна апублікаванай інфармацыі ў СМІ Ізраілю, Ізраіль схіляецца да пашырэньня дапамогі Ўкраіне. Ці апраўданая гэтая крытыка ў бок Ізраіля?
— Я разумею крытыку ў бок Ізраілю. Я сам ня раз зьвяртаўся з ізраільскага тэлебачаньня і радыё з просьбай прадаць «Жалезны купал», даць Украіне сродкі для абароны для насельніцтва. Я разумею таксама Ізраіль. Кіраўніцтва Расеі шантажавала Ізраіль і працягвае шантажаваць. Ізраіль змагаецца за сваё выжываньне гэтак жа, як Украіна. Ёсьць Сырыя, «Хэзбала», Іран. Ёсьць іранскі ўплыў, бандыты з «Хэзбалы» і «ХАМАСу», шмат усяго, гэта Блізкі Ўсход. Таму я не магу вінаваціць Ізраіль, але, на маю думку, на гэтым кірунку адбыліся зьмены. Здаецца, што ўсё будзе інакш. Здаецца, Ізраіль пачаў разумець, што Ўкраіна ваюе ня толькі за Ўкраіну, яна ваюе за ўвесь вольны сьвет, у тым ліку за Ізраіль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне штодня знаходзяць да 5 тысяч мін. На поўнае абясшкоджваньне спатрэбіцца да 10 гадоў. ФОТААпэтыт Расеі не абмяжоўваецца Ўкраінай. Думаю, што шмат хто пачынае гэта разумець. І ва Ўкраіне, і ў Амэрыцы, і ў іншых вольных краінах. Яны (Расея. — Рэд.) кажуць: «Мы антыфашысты», а ўсе астатнія, значыць, «фашысты». Але насамрэч наадварот.
— На вашу думку, калі Ізраіль павялічыць ваенную дапамогу Ўкраіне, ці ёсьць нейкія асьцярогі для габрэйскіх грамадаў, якія жывуць у Расеі?
— Я б сёньня параіў габрэйскім грамадам Расеі выяжджаць з краіны. І шмат хто гэта ўжо робіць. Там апускаецца «жалезная заслона». Я там жыў, калі нарадзіўся там у часы Савецкага Саюзу. Я быў у Савецкім Саюзе і спрабаваў доўгія гады адтуль выехаць у Ізраіль. Я разумею, што гэта так. Таму, калі ўсё закрыецца, цяжка будзе ўжо ехаць. Рыторыка, якая ёсьць у Расеі, вельмі небясьпечная. Рыторыка, якая там ёсьць цяпер, горшая за Савецкі Саюз. Гэта калі гаварыць пра апошнія гады СССР. Я не кажу пра сталінскія часы, але гэта вельмі падобна на сталінскія часы.