Улады Беларусі хочуць уключыць відэаназіраньне ў камунальныя паслугі для аплаты жыхарамі

Камэра назіраньня ў Горадні

У Беларусі прапрацоўваюць уключэньне відэаназіраньня ў пералік камунальных паслуг.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі заявіў першы намесьнік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Павал Ткач, якога цытуе Reform.by.


«Гэта дазваляе гарантаваць нейкую грамадзкую бясьпеку, магчыма, прыгледзець за аўтамабілем на стаянцы, дзяцьмі, якія гуляюць у двары, сваімі ўласнымі. Нават пры неабходнасьці аказваць іншыя віды паслуг, а калі падключыць яшчэ сыстэму відэааналітыкі, то аж да таго, што можна кантраляваць, ці своечасова праведзена прыборка ў пад'езьдзе, рамонт і іншае.

Такім чынам, ужо цяпер актыўна прапрацоўваецца пытаньне, каб уключыць нават у пералік умоўных камунальных паслуг паслугу відэаназіраньня. Умоўна, на ўваходзе ў падʼезд паставіць камэру, якая будзе як камунальная паслуга для ўсіх жыхароў: заўсёды можна паглядзець, хто зайшоў, хто выйшаў», – сказаў ён.

Паводле яго, «Белтэлекам» актыўна разьвівае сэрвіс відэаназіраньня. Летась было падключана каля 33 тысяч камэр. Сёлета ў сыстэме ўжо працуе 77 тысяч камэр назіраньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырастуць пэнсіі і дзіцячыя дапамогі, падаражэе мабільны інтэрнэт і камуналка для тых, хто выехаў за мяжу: зьмены траўня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі хочуць запатрабаваць ад эмігрантаў поўнай выплаты камунальных рахункаў