Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам, прэм’ер-міністрам Пэтрам Фіялам, старшынёй палаты дэпутатаў парлямэнту Маркетай Пэкаравай, старшынёй Сэнату Мілашам Выстрчылам, міністрам замежных спраў Янам Ліпаўскім, мэрам Прагі Здэнекам Гржыбам, міністрам унутраных спраў Вітам Ракушанам і міністрам адукацыі, моладзі і спорту Пэтрам Газьдзікам. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.
Ціханоўская падчас перамоваў паставіла сабе задачы:
- Вырашыць пытаньні легалізацыі/міграцыі/вучобы беларусаў у Чэхіі;
- Данесьці да грамадзян Чэхіі, што беларускі народ змагаецца ў гэтай вайне супраць двух дыктатараў — Лукашэнкі і Пуціна — на баку Ўкраіны;
- Дамагчыся выключэньня беларусаў з закону аб адказнасьці Расеі і рэжыму Лукашэнкі за вайну ва Ўкраіне;
- Захаваць фокус на Беларусі ў парадку дня Эўрапейскага зьвязу, дзе Чэхія пачынае сваё старшынства.
Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі абмяркуе сытуацыю ў камітэце замежных справаў парлямэнту Чэхіі, возьме ўдзел у сумеснай са старшынёй палаты дэпутатаў парлямэнту Маркетай Пекаравай прэс-канфэрэнцыі, выступіць на штогадовых Эўрапейскіх дыялёгах імя Вацлава Гавэла ў Карлавым унівэрсытэце, прамовіць прывітальнае слова перад пачаткам паказу фільма «Калі кветкі не маўчаць», паўдзельнічае ў дыскусіі ў рамках канфэрэнцыі Forum 2000, сустрэнецца з дыяспарай і дасьць інтэрвію чэскім і міжнародным СМІ.
Сустрэча з дыяспарай пройдзе 11 траўня з 19:30 да 20:30 па адрасе: Прага, Klementinum.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «Пуцін і Лукашэнка ўцягнулі Беларусь у вайну, у якой Расею чакае параза» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска інвэставала ў пашырэньне расейскай дэзынфармацыі ў Чэхіі. Сама яна пра гэта ня памятае