Чыноўнік зь Мінабароны Беларусі, якога сваякі з Украіны прасілі не ваяваць супраць радзімы, цяпер кіруе гістарычным архівам

Былы памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва Алег Воінаў (справа)

10 траўня калектыву Нацыянальнага гістарычнага архіва прадставілі новага дырэктара.

Ім стаў генэрал-маёр Алег Воінаў. Аб прызначэньні паведаміла «Наша ніва». Папярэдняму дырэктару архіва Дзьмітрыю Яцэвічу, які ўзначальваў навуковую ўстанову 10 гадоў, у пачатку красавіка не працягнулі кантракт. Разам зь ім звольніўся і намесьнік дырэктара Дзяніс Лісейчыкаў.

На сайце архіву сярод кіраўнікоў на гэты момант пазначаная толькі намесьніца дырэктара Ірына Каўганава.

Фактычна ў Нацыянальны гістарычны архіў прызначаны дырэктар-сілавік — генерал-маёр Алег Воінаў раней працаваў памочнікам міністра абароны ў пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва.

Алегу Воінаву 55 гадоў, яго ўнесьлі ў адзін з санкцыйных спісаў Эўразьвязу. Нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Днепрапятроўску (цяпер Дніпро). У 1984 годзе паступіў у Новасібірскую вышэйшую Ваенна-палітычную агульнавайсковую вучэльню. Службу праходзіў у Беларускай вайсковай акрузе. У 2015 годзе яму прысвоілі званьне генэрал-маёра.

Ягоныя сваякі, якія і цяпер жывуць там, пасьля нападу Расіі на Ўкраіну запісалі відэазварот да Воінава, заклікаючы не ваяваць супраць радзімы самому і паўплываць на сваё камандаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як ты будзеш глядзець нам у вочы?». Сям’я з Дніпра зьвярнулася да свайго сваяка – памочніка міністра абароны Беларусі. ВІДЭА

Жыхар украінскага гораду Дніпро Глеб Воінаў раней запісаў эмацыйны відэазварот да свайго роднага брата Алега, які займаў пасаду начальніка Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва ў Мінабароны Беларусі.

Як піша партал Informator.ua, да свайго сваяка Глеб Воінаў вырашыў зьвярнуцца ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну.

«Ты, Алег, нарадзіўся і вырас у Дніпры. Цяпер ты служыш у Беларусі, займаеш пасаду памочніка міністра абароны Рэспублікі Беларусь у пытаньнях вайсковага супрацоўніцтва. Цяпер у нас у краіне ідзе вайна, і я б хацеў, каб ты па меры сваіх сіл і магчымасьцяў прыклаў як мага больш намаганьняў, каб спыніць гэтае кровапраліцьце. Гэта поўнае вар’яцтва. Украінскі народ будзе сваю зямлю абараняць», — сказаў Глеб Воінаў.

У запісе відэазвароту ўзяла ўдзел і жонка Глеба:

«Тут жыве твая мама, напэўна, самы родны і дарагі для цябе чалавек, — сказала жанчына. — Мы нічога ня ведалі пра тое, што будзе вайна. Пра тое, што вы хочаце ўзяць у ёй удзел. Як ты будзеш глядзець у вочы нам? Мы табой ганарыліся, мы не жадаем, каб нам было сорамна, што нашыя сваякі жывуць у Беларусі. У цябе таксама ёсьць дзеці, сын, дачка. Як вы можаце гэта дапусьціць? Вы можаце паўплываць на гэта. Гэта ў вашых сілах. Тут цячэ кроў нашых дзяцей, іх забіваюць, а вы робіце выгляд, што гэтага ня ведаеце? Тут страшна, што адбываецца, мы ў пекле. Будзеце гарэць у пекле і вы».

Пра рэакцыю Алега Воінава на зварот сваякоў з Украіны нічога не вядома.