Як піша мясцовае выданьне Intex-press, на месцы збору ў Баранавічах каля гандлёвага цэнтру «Карона» таксістаў ужо чакала міліцыя.
Інфармацыя, што баранавіцкія таксісты «Яндэкс Go» незадаволеныя новымі зьменамі ў сыстэме аплаты і зьбіраюцца 10 траўня страйкаваць, напярэдадні хутка распаўсюджвалася па сацсетках. А 7-й раніцы таксісты плянавалі зьехацца «на буйны страйк» на паркоўцы каля гандлёвага цэнтру «Карона».
Аднак у гэты дзень з самай раніцы на паркоўцы каля ГЦ дзяжурылі тры аўтамабілі ДАІ і аўтобус МУС. Як толькі на паркоўку пад’яжджалі таксі, да машыны падыходзілі інспэктары і прасілі адсюль зьехаць. Пры гэтым супрацоўнік міліцыі перапісвалі нумары аўтамабіляў. А калі таксіст мог даказаць, што прыехаў на замову, то яму дазвалялі заставацца і без праблем чакаць свайго пасажыра.
Як расказалі Intex-press кіроўцы «Яндэкс Go», у гэты дзень яны хацелі сабрацца і абмеркаваць свае праблемы, каб сфармуляваць патрабаваньні да плятформы «Яндэкс таксі», якая зьнізіла тарыфы.
Сярод іншага баранавіцкія таксісты хочуць, каб расейская плятформа падвысіла аплату за падачу аўтамабіля да 2 рублёў, тады як цяпер гэтая сума складае 1,4 рубля.
Кілямэтар праезду па Баранавічах сёньня каштуе 41 капейку, па раёне — 70 капеек. Кіроўцы таксі хацелі б, каб гэтыя сумы павысілі на 50 капеек.
Таксама ёсьць прапановы зьмяніць сыстэму выстаўленьня зорак, адмену гарантаванай сумы ў 150 рублёў за выкананьне 45 заказаў за зьмену і шмат што іншае.
Кіроўцы скардзяцца, што цяпер, каб нармальна зарабіць, ім даводзіцца працаваць па 16 гадзін на дзень безь перапынкаў. Па іх словах, вялікая колькасьць аварый з удзелам «Яндэкс-таксі» абумоўлена стомленасьцю ад працяглых зьмен, на якія яны выходзяць кожны дзень. Пры гэтым заробкі застаюцца ранейшымі, а цэны на паліва і абслугоўваньне аўтамабіля за апошнія некалькі месяцаў растуць. Каб гэта ўсё кампэнсаваць таксістам, трэба ўсё больш зарабляць, а для гэтага яшчэ больш часу праводзіць за стырном.
На мінулым тыдні 4 траўня страйкавалі бабруйскія таксісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мабільныя апэратары А1, МТС і плятформа «Яндэкс Go» падвышаюць цану сваіх паслуг у Беларусі