«Тут на карту пастаўленая і будучыня нашых дзяцей»: прэзыдэнт Эўрапейскай Рады наведаў Адэсу

Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль (зьлева) і прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, Адэса, 9 траўня 2022

Старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль прыбыў у Адэсу ў Дзень Эўропы 9 траўня.

Пра гэта паведамілі ён і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Паводле слоў Зяленскага, гутарка ішла пра спосабы пазьбегнуць харчовага крызісу.

«Трэба зрабіць неадкладныя захады дзеля разблякаваньня ўкраінскіх партоў для экспарту пшаніцы. Я цаню сьмелую пазыцыю старшыні Эўрапейскай Рады і яго асабістую прысутнасьць у Адэсе. Я ўдзячны за пастаянную падтрымку нашай краіны з боку ЭЗ у многіх сфэрах», — пракамэнтаваў Зяленскі.

Сам Мішэль выступіў з заявай, у якой нагадаў, што 9 траўня 1950 году міністар замежных спраў Францыі Робэрт Шуман прапанаваў аб’яднаньне эўрапейскіх краінаў, у выніку чаго быў створаны Эўрапейскі Зьвяз.

«Я прыехаў у Адэсу на Дзень Эўропы з простым пасланьнем: вы не самотныя, мы з вамі. Мы не падвядзём вас, мы будзем з вамі столькі, колькі трэба, і дапаможам вам пабудаваць сучасную дэмакратыю... Я таксама маю пасланьні ад маіх суграмадзян з усяго ЭЗ: наш мір, дабрабыт, будучыня нашых дзяцей таксама на карце тут, у Адэсе. Тут, ва Ўкраіне», — сказаў старшыня Эўрапейскай Рады.