Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчы з прэм’ер-міністрам краіны Юнасам Гарам Стэрэ, міністрам замежных спраў Аньнікен Гуйтфэльт, старшынёй парлямэнта Масудам Гараххані, мэрам Осла Мар'яннэ Боргэн і прадстаўнікамі асноўных палітычных партый. Таксама яна сустрэлася з міністрам па эўрапейскіх справах Ірляндыі Томасам Бэрнам, намесьнікам Генэральнага сакратара Рады Эўропы Бʼёрнам Бэргу.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, падчас свайго візыту Сьвятлана перадала ўраду Нарвэгіі просьбы ад беларускай дыяспары, фондаў мэдыцынскай салідарнасьці і Беларускай рады культуры аб дапамозе ўцекачам зь Беларусі, падтрымцы культурных праектаў і беларускіх мэдыкаў, якія працуюць ва Ўкраіне.
Таксама Ціханоўская перадала прапановы НАК ў стратэгіі ціску на рэжым. Адзначаецца, што нарвэскія ўнівэрсытэты прымуць студэнтаў зь Беларусі, а таксама акажуць фінансавую дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. У гэтым сэмэстры стыпэндыі атрымалі 50 студэнтаў. Нарвэгія таксама працягне фінансаваць беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў ЭГУ.
Выступаючы на Эўрапейскай канфэрэнцыі, арганізаванай Радай Эўропы ў Крысьціянсане, Ціханоўская заявіла аб жаданьні Беларусі ўступіць у Раду Эўропы, прадстаўніком краіны павінны быць дэмакратычныя сілы.
Ціханоўская таксама расказала прадстаўнікам нарвэскіх прафсаюзаў аб затрыманьнях лідэраў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Прэс-служба Ціханоўскай паведамле, што нарвэскія прафсаюзы падымуць пытаньне гэтых беспрэцэдэнтных рэпрэсій на кангрэсе Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). А сябры МАП разглядаюць пытаньне аб прымяненьні параграфа 33 супраць Беларусі за сыстэматычныя рэпрэсіі супраць правоў працоўных.
Таксама старшыня парлямэнту разгледзіць пытаньне стварэньня групы «Сяброў свабоднай Беларусі», каб трымаць Беларусь у парадку дня нарвэскай палітыкі і эфэктыўна дамагацца вызваленьня палітвязьняў.
Адназначаецца, што нарвэскія НДА працягваюць супрацоўнічаць зь беларускімі праваабаронцамі і журналістамі, асабліва ў кірунку іх тэхналягічнага забесьпячэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Washington Post: Беларусь важная, як і Ўкраіна, бо на карту і там, і там пастаўлены лёс дэмакратыі