8 траўня прайшоў першы дзень двухдзённай міжнароднай канфэрэнцыі «Форум свабодных народаў Расеі». Арганізатарам мерапрыемства выступіў фонд «Салідарнасьць журналістаў».
Башкіраў прадстаўляў Руслан Габасаў, кіраўнік Башкірскага нацыянальнага палітычнага цэнтру, а татараў — Нафіс Кашапаў, прадстаўнік грамадзкага руху «Свабодны Ідэль-Урал» у Польшчы, піша праект «Idel.Реалии».
Пазыцыя башкіраў
Руслан Габасаў адзначыў, што «пуцінская Расея, хаця і носіць назву „Фэдэрацыя“, зусім такой ня ёсьць». Ён назваў гэтае дзяржаўнае ўтварэньне «імпэрыяй каляніяльнага тыпу».
«Башкірскі народ шмат стагодзьдзяў вядзе барацьбу з імпэрыяй за сваю свабоду і правы», — заявіў ён.
Паводле яго слоў, дзеля таго, каб нешта зьмяніць у Расеі, неабходна поўнасьцю разбурыць цяперашнюю канструкцыю і зьбіраць рэспублікі на добраахвотнай аснове ў адну канфэдэрацыю.
«Расея ў тым выглядзе, у якім яна існуе, павінна разваліцца. Затым ужо мы маглі б сабрацца з тымі рэспублікамі, якія ўтварылі б канфэдэрацыю», — прапанаваў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці распадзецца Расея? Дыскусія расейскіх экспэртаўЁн падкрэсьліў прычыны таго, чаму башкірскі народ не задавальняе цяперашняе становішча.
«Ідзе непрыкрыты лінгвацыд і этнацыд. Сёньня да гэтага дадаўся і генацыд як у адносінах да ўкраінскага народу, так і ў адносінах да народаў Расеі, прадстаўнікоў якіх накіроўваюць на вайну на забой», — падзяліўся Габасаў.
Ён заклікаў Захад і дэмакратычны сьвет ствараць умовы для фармаваньня нацыянальных кадраў карэнных народаў Расеі на Захадзе, засноўваць мэдыяпраекты. Навучаныя на Захадзе нацыянальныя кадры ў далейшым павінны ўзначаліць свае рэспублікі.
Габасаў таксама зьвярнуўся да Ўзброеных сіл Украіны. Ён лічыць, што ўкраінскаму боку варта весьці тлумачальную працу з палоннымі з нацыянальных рэспублік Расеі і фармаваць нацыянальныя атрады супраць рэжыму Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыкінуцца нежывой — і выжыць. Як Беларусь можа ацалець сярод вайныПазыцыя татараў
Татарскі палітык Нафіс Кашапаў, які прадстаўляў на форуме грамадзкую плятформу «Свабодны Ідэль-Урал», таксама выступіў з прамовай і распавёў, якую працу ён і ягоныя паплечнікі праводзілі ў Татарстане цягам апошніх 30 гадоў. Ён адзначыў праекты, якія прадугледжваюць стварэньне асьветніцкай літаратуры на татарскай і расейскай мовах. Татарскага прадстаўніка таксама не задавальняе становішча ў Расеі. Ён лічыць, што тое, што адбываецца ва Ўкраіне, павінна заахвоціць татараў да пераасэнсаваньня многіх рэчаў.
«Мы, татары, павінны браць прыклад ва ўкраінцаў таго, як ваяваць з імпэрыяй», — заявіў ён.
Кашапаў выказаў шкадаваньне, што Татарстан вырабляе порах і зарады, якія выкарыстоўваюцца на вайне ва Ўкраіне.
«Нам, татарам, ганебна, што ў нас у рэспубліцы ствараюць кулі, якімі забіваюць украінцаў».
Гаворачы аб палітыцы Крамля ў адносінах Татарстану, ён адзначыў каляніяльны характар гэтых адносін.
«Яны рабуюць нашы багацьці, нафтадаляры і гэтымі ж грашыма яны зьнішчаюць нашы нацыянальныя рэспублікі», — сказаў на заканчэньне татарскі прадстаўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскі сацыёляг: «Існаваньне імпэрыі такой як Расея зьяўляецца нонсэнсам у XXI стагодзьдзі»