Нэпалец Камі Рыта пабіў уласны рэкорд па колькасьці ўзыходжаньняў на Эвэрэст

Эвэрэст

Нэпальскі гід-шэрп ужо ў 26-ы раз падняўся на Эвэрэст, пабіўшы свой уласны рэкорд па колькасьці ўзыходжаньняў на самую высокую вяршыню сьвету, паведамілі арганізатары экспэдыцыі.

Камі Рыта дасягнуў вяршыні вышынёй 8849 мэтраў у суботу, 7 траўня, увечары на чале групы альпіністаў-шэрпаў, якія замацавалі вяроўкі ўздоўж маршруту, каб сотні іншых альпіністаў і гідаў маглі прабрацца на вяршыню гары ў канцы траўня, піша Голас Амэрыкі са спасылкай на Associated Press.

Рыта і яшчэ 10 гідаў-шэрпаў дабраліся да вяршыні без праблем і шчасна вярнуліся ў ніжнія лягеры, сказаў Мінгма Шэрпа з катмандускай кампаніі Seven Summit Treks. Ён адзначыў, што ўсе гіды былі вельмі дасьведчанымі альпіністамі.

У гэтым месяцы сотні замежных альпіністаў і гідаў паспрабуюць падняцца на Эвэрэст, бо травень лічыцца найлепшым месяцам для ўзыходжаньня на гару, цяпер найлепшыя ўмовы надвор’я для гэтага. Звычайна на самым высокім участку ў траўні ёсьць толькі некалькі «вокнаў» для добрага надвор’я, якія дазваляюць альпіністам дасягнуць вяршыні Джамалунгмы.

52-гадовы Рыта ўпершыню падняўся на Эвэрэст у 1994 годзе і з таго часу зьдзяйсьняў гэта падарожжа амаль кожны год. Ён адзін зь нямногіх гідаў-шэрпаў, чый досьвед і навыкі маюць жыцьцёва важнае значэньне для бясьпекі і посьпеху замежных альпіністаў, якія штогод накіроўваюцца ў Нэпал, каб дасягнуць вяршыні гары.

Ягоны бацька быў адным зь першых шэрпаў-правадыроў, і Рыта пайшоў па яго сьлядах. Таксама Рыта падняўся на некалькі іншых вяршыняў, якія зьяўляюцца аднымі з самых высокіх на Зямлі, у тым ліку К-2, Чо-Ою, Манаслу і Лхоцзэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 86 сантымэтраў вышэйшы: Кітай і Нэпал наноў зьмерылі вышыню Эвэрэсту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падыму бел-чырвона-белы сьцяг», — 61-гадовая Лілія Яноўская можа стаць першай беларускай на Эвэрэсьце