Ініцыятыва ByPol 6 траўня апублікавала расьсьледаваньне, дзе прывяла храналёгію саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.
Агулам у Беларусь на вайсковыя беларуска-расейскія вучэньні 2022 году павінен быў прыбыць вайсковы кантынгент з 30 тысяч салдат Узброеных сіл РФ, гаворыцца ў відэа ByPol. Паводле інфармацыі ініцыятывы, перад пачаткам вайны на вайсковых складах Беларусі цішком пачалі здымаць з кансэрвацыі беларускую вайсковую тэхніку. Ужо на 23 лютага канцэнтрацыя войскаў у Хойніках, Мазыры і Нароўлі была максымальнай.
А 5-й раніцы 24 лютага 2022 году зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну пачалося ўварваньне расейскіх войскаў паўночнага кірунку, і менавіта тады зь Беларусі па Ўкраіне паляцелі першыя ракеты. Па інфармацыі ByPol, першыя пункты запускаў ракет знаходзіліся ў вёсках Прудок (Мазырскі раён) і Сырод (Калінкавіцкі раён).
Таксама ByPol называе і імёны некаторых беларусаў, хто непасрэдна дапамагаў акупантам ва ўварваньні ва Ўкраіну.
Так, за пастаўку паліва для УС РФ з Мазырскага НПЗ, паводле інфармацыі BYPOL, адказным зьяўляецца дырэктар МНПЗ Віталь П.. Неўзабаве параненых расейскіх салдатаў пачалі па начах прывозіць у лякарні паўднёвых раёнаў Гомельскай вобласьці, у тым ліку і ў Мазырскую гарадзкую лякарню, дзе на загад галоўнага доктара Натальлі Ц. зь лекараў і іншага пэрсаналу бралі падпіскі аб невыдаваньні.
У расьсьледаваньні таксама паведамляецца, што «да 31 сакавіка агульная колькасьць нанесеных удараў тактычнымі ракетнымі комплексамі па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі ўжо перавышала лічбу 25».
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» удакладняе, што тут, пэўна, дапушчаная памылка: паводле зьвестак маніторынгавай групы, па стане на 31 сакавіка колькасьць запушчаных ракет з Беларусі па Ўкраіне была не 25, а ўжо 541, пра што сьведчыць храналёгія ракетных запускаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: Мінімум 631 ракету запусьцілі зь Беларусі па ЎкраінеДоказаў таго, што беларускія вайскоўцы бяруць удзел у расейскай агрэсіі, няма, аднак Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для ўдараў ракетамі па Ўкраіне, а таксама для ўварваньня на тэрыторыю паўднёвай суседкі. Некаторыя юрысты і палітыкі ўспрымаюць такія крокі як саўдзел у вайне.
Свабода раней публікавала інфармацыю пра галоўных дзейных асоб беларускага Міністэрства абароны, якія дапусьцілі ўцягваньне Беларусі ў вайну ва Ўкраіне, а таксама іхныя выказваньні пра вайну Расеі і Ўкраіны. Гэта:
- міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін,
- дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч,
- начальнік Генштабу і першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Віктар Гулевіч,
- галоўны ідэоляг Мінабароны Леанід Касінскі,
- камандуючы сіламі спэцапэрацый Узброеных сілаў Беларусі Вадзім Дзенісенка,
- камандуючы войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ігар Дземідзенка,
- камандзір 38-й брыгады дэсантнікаў, што разьмяшчаецца ў Берасьці, Дзьмітры Коршунаў.