Беларусы ня хочуць ваяваць супраць Украіны, але ў стаўленьні да вайны падзеленыя напалам. Вынікі апошняга апытаньня Chatham House

Расейскія танкі ў Гомлі

Як беларусы ацэньваюць вайну Расеі з Украінай? Ці зьмянілася іх нежаданьне, каб у вайне ўдзельнічала Беларусь? Ці вераць Лукашэнку, што Ўкраіна зьбіралася напасьці на Беларусь? Што людзі зьбіраюцца рабіць, калі вайна прыйдзе ў Беларусь?

Пра настроі беларускага грамадзтва расказвае на канале Свабода Premium доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту Chatham House Рыгор Астапеня.

8–18 красавіка брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House правёў у Беларусі онлайн-апытаньне гарадзкога насельніцтва. Гэта дзявятае апытаньне, якое гэты цэнтар правёў у Беларусі зь верасьня 2020 году.

Астапеня: «Беларускае грамадзтва падзеленае ў стаўленьні да ваенных дзеяньняў Расеі. 40% гэтых дзеяньняў не падтрымліваюць, 32% падтрымліваюць, 13% сказалі, што ім складана адказаць, і яшчэ 15% паведамілі, што нешта ў гэтых дзеяньнях яны падтрымліваюць, а нешта — не. Гэты апошні адказ — фактычна таксама ўхіленьне ад адказу. Ацэнка гэтых лічбаў залежыць ад вашага пункту гледжаньня. Відавочна, што шмат хто падтрымлівае дзеяньні Расеі, але таксама шмат, і яшчэ больш, не падтрымліваюць.

Што тычыцца сувязі адказаў з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі, то ад узросту яны залежаць слаба. Жанчыны часьцей так ці інакш ухіляюцца ад прамога адказу. Асобы з вышэйшай адукацыяй, а таксама жыхары вялікіх гарадоў больш схільныя не падтрымліваць ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. Калі гаварыць пра палітычныя погляды, то прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі часьцей падтрымліваюць дзеяньні РФ, а праціўнікі — часьцей не падтрымліваюць.

У нашай выбарцы невялікая перавага тых, хто не падтрымлівае дзеяньні Расеі. Але паколькі нашая выбарка прадстаўляе толькі гарадзкое інтэрнэтызаванае насельніцтва, то ёсьць падставы дапусьціць, што сярод дарослага насельніцтва ў цэлым паміж абедзьвюма пэўнымі пазыцыямі прыкладны парытэт. І гэта адрозьнівае Беларусь ад Расеі, дзе велізарная перавага прыхільнікаў ваеннай апэрацыі. Там можна спрачацца, іх 65% ці 80%, але перавагу фіксуюць там усе дасьледчыя цэнтры».

Астапеня: «Мы задавалі некалькі пытаньняў пра тое, чаго людзі чакаюць ад вайны. Усе адказы, у прынцыпе, падобныя. Пераважная большасьць чакае нэгатыўных рэчаў. Нават тыя, хто падтрымлівае Расею ў вайне, разумеюць, што вайна ня будзе мець пазытыўных наступстваў. Людзі чакаюць росту цэнаў, санкцыяў, зьніжэньня ўзроўню жыцьця, дэвальвацыі. Гэта традыцыйны набор беларуса. Але даволі няшмат людзей чакаюць, што вайна перакінецца на Беларусь.

Мы фіксуем пэўны ўсплёск „рускамірскіх“ настрояў. Пазьней мы абнародуем дадзеныя аб геапалітычных перавагах. І па іх відаць, што гэтыя беларускія „рускамірцы“, зразумела, супраць Украіны, але найбольш яны ненавідзяць ЗША. Мы фіксуем рост антыамэрыканізму. Гэта мы бачым і ў Расеі, у нас гэта ў меншых маштабах, але таксама назіраецца.

Стаўленьне да Расеі, па сутнасьці, не зьмянілася, яно пагоршылася, але крыху. Розная оптыка погляду беларусаў на Захад і на Расею. Мы пыталіся ў людзей, чаму яны выбіраюць той ці іншы геапалітычны полюс — Эўразьвяз ці Расею. Галоўная матывацыя выбару на карысьць Расеі — гэта адчуваньне культурнай блізкасьці. Таму што гэта свае, таму што агульная культура, мова, цывілізацыйная прастора. З гэтай прычыны беларусы дагэтуль да Расеі ставяцца збольшага пазытыўна. А ў тых, хто робіць выбар на карысьць Эўропы, матывацыі каштоўнасныя — там правы чалавека, дэмакратыя, заможнае жыцьцё».

Астапеня: «Мы задалі пытаньне: ці вінаватыя звычайныя беларусы ў тым, што адбываюцца ваенныя дзеяньні адносна Ўкраіны? І пераважная частка рэспандэнтаў адказвае адмоўна. І беларусы лічаць, што яны не заслугоўваюць такога ж кепскага стаўленьня да сябе, як расейцы. Прыхільнікі Лукашэнкі ня лічаць, што яны ў нечым вінаватыя: паводле іх, вінаватыя «бандэраўцы», Зяленскі, NATO. Яны мяркуюць, што Расея адрэагавала, правільна зрабіла, а мы збоку стаім, мы перамоўная пляцоўка. Праціўнікі Лукашэнкі ў большай ступені схільныя лічыць, што беларусы вінаватыя. У іх большае пачуцьцё адказнасьці за лёс краіны. Але і сярод іх шмат тых, хто лічыць, што беларусы невінаватыя. Яны лічаць, што звычайны беларус у сваёй краіне ні на што ня можа паўплываць. Заявы лідэраў апазыцыі пра тое, што Беларусь — акупаваная краіна, і скіраваныя на тое, каб спрасьціць нам жыцьцё: мы акупаваныя, дык таму так і жывём».

Астапеня: «У параўнаньні з папярэднім апытаньнем думкі наконт пажаданай ролі Беларусі ў вайне зьмяніліся неістотна. Адказы, якія прадугледжваюць падтрымку Расеі ў вайне ў той ці іншай форме, зьбіраюць 35% (у сакавіку было 33%). Праўкраінскія опцыі набіраюць 20%, і месяц таму іх было столькі ж. Прыхільнікаў нэўтралітэту Беларусі ў вайне было 25%, стала 23%. Месяц таму 3% казалі, што Беларусі варта ўзяць удзел у баявых дзеяньнях на баку Расеі, 1% — на баку Ўкраіны. Цяпер вырасьлі абодва гэтыя паказьнікі: цяпер за беларускі ўдзел у вайне на баку РФ — 6%, на баку Ўкраіны — 3%.

Агулам „попыт на вайну“ вырас на 5 адсоткавых пунктаў, з 4% да 9%. Ідзе напампоўваньне грамадзкай думкі. Гледачы расейскіх тэлеканалаў упэўненыя, што ўкраінцы — „нацысты“, спажыўцы незалежных беларускіх СМІ і ўкраінскіх мэдыя прыкладна тое самае думаюць пра расейцаў».

Астапеня: «24% гарадзкіх жыхароў Беларусі згодныя з Лукашэнкам, што калі б ня быў нанесены прэвэнтыўны ўдар па Ўкраіне, то армія Ўкраіны атакавала б беларускія войскі. Гэта ўсё фанаты Лукашэнкі. 42% сказалі, што ім складана адказаць. Гэта вялікая лічба. Мы ў нашым коле сьмяёмся над гэтай заявай Лукашэнкі. А грамадзтва ў цэлым — не. Людзям дэмакратычных поглядаў трэба тлумачыць сваім суайчыньнікам, наколькі вар’яцкія гэтыя ўяўленьні.

Грамадзкай думцы ўласьцівыя супярэчнасьці. Баяцца ўцягваньня ў вайну 57%; лічаць, што Беларусь уцягнуць у вайну, — 11%. Беларусам у адказах апытаньняў уласьцівая гатоўнасьць зваліць адказнасьць на Расею, маўляў, мы не вінаватыя, гэта ўсё яны. І такія падыходы ёсьць на розных баках палітычнага спэктру. Прыхільнікі Лукашэнкі кажуць: ваюе Расея, мы тут ні пры чым, стаім убаку, курым. У прыхільнікаў пратэсту ёсьць адчуваньне, што ў гэты вір нас цягне Расея».

Астапеня: «На пытаньне, што вы будзеце рабіць, калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну, адказ — назапашваць прадукты і працягваць звычайнае жыцьцё. У беларусаў няма пачуцьця, што гэта іх вайна. Калі гэта не твая вайна, то і праўда трэба закупляцца прадуктамі. 7% і 9% сказалі, што гатовыя ўступіць у шэрагі беларускага войска і ўсяляк падтрымліваць яго дзеяньні. Гэтыя лічбы значна меншыя, чым колькасьць прыхільнікаў Лукашэнкі і „русского мира“. Беларуская прыхільнасьць „русскому миру“ рэдка суправаджаецца гатоўнасьцю рабіць нейкія дзеяньні дзеля гэтых сваіх перакананьняў».

Астапеня: «23% апытаных кажуць, што калі б беларускае войска паслалі на вайну ва Ўкраіне, то войска выконвала б загады. Іншыя адказы — пра розныя спосабы ўхіленьня ад выкананьня загаду. Адказы паказалі, што ў беларусаў няма пэўнага ўяўленьня пра тое, што дакладна будуць рабіць беларускія вайскоўцы, калі ім загадаюць ісьці ваяваць з украінцамі. Але большасьць людзей думаюць, што калі вайскоўцаў пашлюць на перадавую, яны будуць імкнуцца ўхіліцца ад баявых дзеяньняў».