Пра гэта паведамляецца на сайце БелТА.
«Сэнатары» ўхвалілі законапраект «Аб зьменах законаў у пытаньнях дзейнасьці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў», які карэктуе два законы — «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і «Аб барацьбе з тэрарызмам».
Унутраныя войскі змогуць прымяняць баявую і спэцыяльную тэхніку для спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку альбо дзеяньняў, накіраваных на разбурэньне або зьнішчэньне маёмасьці ўсіх формаў уласнасьці.
Таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў атрымаюць права на захоўваньне і нашэньне зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет Рэспублікі ўхваліў «расстрэльныя» папраўкі за «замах на тэрарызм»«Прыняцьце гэтага законапраекту дасьць магчымасьць значна павысіць эфэктыўнасьць выкананьня ўнутранымі войскамі ўскладзеных на іх задач па абароне жыцьця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадзтва і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бясьпекі і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў», — заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Сяргей Рачкоў.
Асноўнымі задачамі ўнутраных войскаў прызнаюцца ўдзел у ахове грамадзкага парадку, забесьпячэньні грамадзкай бясьпекі, бясьпекі асобаў і абʼектаў пад аховай, рэжыму надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контратэрарыстычнай апэрацыі, мерапрыемствах па ўзмацненьні дзяржаўнай мяжы.