Навіны палітвязьняў: Віктара Бабарыку і Міколу Дзядка ў калёніі пакаралі ШЫЗА

Віктар Бабарыка

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1162 чалавека. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Палітзьняволенага Віктара Бабарыку адміністрацыя наваполацкай калёніі зьмясьціла ў штрафны ізалятар на 20 сутак, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Раней зьняволенага прэтэндэнта ўдзел на выбарах прэзыдэнта 2020 году Віктара Бабарыку ў калёніі паставілі на праіляктычны ўлік, як асобу «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў».

А ў сярэдзіне сакавіка Бабарыку была аб’яўлена вымова з надуманых прычынаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Бабарыкі накіравалі ў Камітэт па правах чалавека ААН скаргу аб парушэньні ягоных правоў

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакараньне ў Наваполацку.

Міколу Дзядка зьмяшчалі ў ШЫЗА на 9 сутак

Палітзьняволенага блогера і анархіста Міколу Дзядка ў канцы сакавіка зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу на чатыры месяцы за адмову хадзіць на працу на знак пратэсту супраць пазбаўленьня яго перапіскі і перасьледу тых асуджаных, якія зь ім камунікуюць.

Акрамя гэтага, адміністрацыя калёніі працягвае зьнішчаць лісты, якія дасылаюць палітвязьню.

Цяпер «Вясьне» стала вядома, што з 15 па 24 красавіка Дзядка ўтрымлівалі ў ШЫЗА паводле двух пратаколаў:

«Пазаўчора выйшаў з ШЫЗА. У прагулачным дворыку запытаўся ў суседняй камэры, калі ў нас бібліятэка — 6 сутак, потым дадалі яшчэ 3 за аналягічнае парушэньне».

Аднак, як паведамляюць праваабаронцы, тэрмін ШЫЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ, таму адтуль ён выйдзе на дзевяць дзён пазьней.

Таксама Мікола падзяліўся ўражаньнямі ад кнігі Льва Талстога:

«Дарэчы, наконт кніг, прачытаў нядаўна „Уваскрэсеньне“ Л. Талстога. Магутная кніга, проста шэдэўр. Там і пра судова-адміністрацыйнае самавольства, прытым тыпажы дробных сатрапаў і чыноўнікаў нібыта сьпісалі зь сёньняшніх. І пра духоўны рост чалавека, і пра хрысьціянскія каштоўнасьці, якімі яны мусяць быць. Мусіць, менавіта за гэтую кнігу Льва Талстога адлучылі ад праваслаўнай царквы. Шкадую, што не прачытаў яе гадоў у 14. Тады б мае погляды сфармаваліся значна раней».

Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасьля чаго моцна зьбівалі і катавалі. 10 лістапада палітвязьня асудзілі да 5 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3. Мікола не прызнаў віну ні адным артыкуле.

Падтрымаць палітвязьня лістамі можна па наступным адрасе: ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.