Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч памёр 3 траўня на 88-м годзе жыцьця.
Аляксандар Мілінкевіч, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году:
— Вельмі балючая навіна, я вельмі смуткую з нагоды сыходу Станіслава Шушкевіча. Нас зьвязвалі і моцныя сяброўскія адносіны, і я яго паважаў як палітыка. Аднаго ягонага подпісу пад белавескімі пагадненьнямі, у выніку якіх перастаў існаваць Савецкі Саюз, для мяне дастаткова, каб казаць, што Шушкевіч — вялікі беларус, наш вялікі сучасьнік.
Я вельмі цаню ягоную інтэлігентнасьць. І калі некаторыя кажуць, што Шушкевіч не праявіў у нечым сваю волю, не настаяў на чымсьці, то, як мне падаецца, гэта акурат было ягонай перавагай. Ён паказаў, якім можа быць беларускі палітык — і што тычыцца ведаў, і асабістай культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе: цытаты і інтэрвіюКалі я працаваў у Горадзенскім гарвыканкаме, актыўна спрыяў беларусізацыі, хадзіў па школах і пераконваў бацькоў, каб аддавалі дзяцей у беларускамоўныя клясы, то многія зь іх казалі: «Так, гэта варта рабіць, бо кіраўнік дзяржавы Шушкевіч гаворыць па-беларуску».
Шушкевіч — чалавек высокай культуры, для мяне ён абсалютны незалежнік. Для яго адраджэньне культуры, гісторыі, праўды, мовы было асновай ягонай палітычнай дзейнасьці.
Хачу ўзгадаць адзін яркі паказальны момант. У 1993 годзе, пасьля забойства старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Арцымені, у абласным Савеце праходзілі выбары новага кіраўніка вобласьці. З аднаго боку быў вядомы аграрнік Дубко, а зь іншага — новая плынь, Домаш, якога падтрымлівалі дэмакратычныя дэпутаты. Але ўсё схілялася да таго, што большасьць абярэ Дубко. І вось у апошнія хвіліны, акурат перад вырашальным галасаваньнем, у залю ўваходзіць Шушкевіч, які адмыслова дзеля гэтага прыехаў зь Менску. Сьціпла ўвайшоў, сеў на пярэдніх месцах. І без усялякіх выступаў, проста ягоная прысутнасьць паспрыяла таму, што замест намэнклятурнага Дубко большасьць прагаласавала за Домаша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава Шушкевіча