Пасьля размовы Лукашэнкі і Пуціна Мінабароны Беларусі пачало раптоўную праверку сіл рэагаваньня

Беларускія вайскоўцы, архіўнае фота

Ва Ўзброеных cілах Беларусі пачалася раптоўная праверка сіл рэагаваньня, у ходзе якой воінскім часткам і падразьдзяленьням трэба будзе адпрацаваць прывядзеньне ў баявую гатоўнасьць, маршы ў прызначаныя раёны і выкананьне вучэбна-баявых задач.

Пра гэта паведамляе Мінабароны Беларусі:

«Мэта праверкі — ацэнка гатоўнасьці і здольнасьці асабовага складу да апэратыўнага рэагаваньня на магчымае ўзьнікненьне крызісных сытуацый. Воінскія часьці і падразьдзяленьні будуць дзейнічаць на незнаёмых участках мясцовасьці ва ўмовах абстаноўкі, якая хутка зьмяняецца. Склад сіл, якія прыцягваюцца да праверкі, будзе паэтапна нарошчвацца, што дазволіць праверыць іх здольнасьць супрацьдзейнічаць ваенным пагрозам як на зямлі, так і ў паветры», — гаворыцца ў паведамленьні.

У ведамстве заявілі, што праверка «не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мінабароны Беларусі адрэагавала на шматнацыянальныя вайсковыя вучэньні «Defender Europe» і «Cold Response»

Што было пасьля ранейшых вучэньняў

Цяперашняя праверка носіць комплексны характар. Падчас яе заплянаваны рух значнай колькасьці вайсковай тэхнікі, што можа абцяжарыць рух па дарогах агульнага карыстаньня. Мінабароны зьвярнулася да жыхароў населеных пунктаў і вадзіцеляў транспартных сродкаў быць пільнымі на дарогах.

Мінулыя маштабныя вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022» — сумесныя вучэньні Ўзброеных сіл Расеі і Рэспублікі Беларусь, прайшлі з 10 па 20 лютага 2022 году. Праз чатыры дні расейская армія з тэрыторыі Беларусі ўварвалася ва Ўкраіну.

Беларуская армія тады ў нападзе непасрэдна ня ўдзельнічала, абмежавалася выкананьнем тылавых функцый. Масква разьлічвала захапіць краіну і зьліквідаваць украінскую дзяржаўнасьць за некалькі дзён. Аднак расейскія войскі былі адкінутыя ад Кіева і Харкава, іх атака была спыненая пад Мікалаевам.
Учора адбылася тэлефонная размова Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы, створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія ракеты атакавалі 8 абласьцей Украіны, эвакуацыя з Марыюпалю. 70-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.