«Сёньня, у Сусьветны дзень свабоды друку, дасылаем вам з Амбасады Нямеччыны ў Менску гэты ліст, якім хацелі б выказаць глыбокую павагу за Ваш журналісцкі прафэсіяналізм, актыўнасьць і мужнасьць, — піша ў лісьце Свабодзе першы сакратар амбасады Крыстыян Зіпман. — Мы з болем усьведамляем, што незалежныя СМІ Беларусі зараз перажываюць вельмі цяжкія часы. Міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак нядаўна выказалася ў дачыненьні да незалежных СМІ Беларусі: «Крытычнае асьвятленьне падзей — не злачынства, гэта асноўная перадумова для дэмакратыі. Усе несправядліва затрыманыя павінны выйсьці на волю». Міністар заявіла, што ўлады Беларусі спрабуюць прымусіць замаўчаць незалежныя СМІ, выкарыстоўваючы ператрусы офісаў і кватэр, канфіскацыю абсталяваньня, блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў і прызнаньне каналаў і арганізацый СМІ «экстрэмісцкімі». «У іх [беларускіх органаў улады] гэта не атрымаецца. Нямеччына працягне падтрымліваць незалежныя СМІ Беларусі».
Да ліста Свабодзе далучаныя копіі лістоў Алегу Грузьдзіловічу, Андрэю Кузьнечыку і Ігару Лосіку з просьбай перадаць іх адрасатам або іх сваякам. Дазволім сабе працытаваць фрагмэнт зь ліста Ігару Лосіку:
«Паважаны спадар Лосік, сёньня, у Міжнародны дзень свабоды прэсы, я пішу Вам як журналісту ліст, які я вымушаны адрасаваць у турму, дзе вы несправядліва знаходзіцеся ў зьняволеньні, — піша спадар Зіпман. — Гэта спрычыняе мне вялікі боль. А пра боль, які адчуваеце вы, я, знаходзячыся навонкі турэмных сьцен, магу толькі здагадвацца».
«І тым большае наша захапленьне адвагай, зь якой Вы выступаеце за свабоду слова, — гаворыцца ў лісьце. — Толькі што, учора, 2 траўня, незалежнаму аб’яднаньню „Беларуская асацыяцыя журналістаў“ за яго выдатны ўклад у абарону і падтрымку свабоды СМІ была прысуджаная Сусьветная прэмія UNESCO. Гэтая ўзнагарода прызначаная ўсім, хто, падаючы фактычна дакладную інфармацыю і выступаючы за свабоду слова, супрацьстаіць аўтарытарным рэжымам — у тым ліку і асабліва Вам!»
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
Алег Грузьдзіловіч
У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.
У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».
У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.
На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.
Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.
Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».
Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
- Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
- Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
- 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
- Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
- 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.