УЭФА не дапусьціла расейскія каманды да міжнародных турніраў на наступны сэзон

На чэмпіянаце сьвету ў Маскве, 2018, архіў

Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый не дапусьціў зборную Расеі да ўдзелу ў Лізе нацый, а клюбы — да эўракубкаў. Заяўка Расеі на правядзеньне чэмпіянатаў Эўропы па футболе ў 2028 і 2032 годзе прызнаная непрыдатнай. Паседжаньне выканкаму арганізацыі прайшло 2 траўня, гаворыцца на сайце саюзу.

Жаночая зборная Расеі не дапушчаная да ўдзелу ў чэмпіянаце Эўропы, замест яе ў фінальным турніры ў Ангельшчыне згуляе партугальская каманда. Каманду здымуць з адборачнага турніру да Чэмпіянату сьвету, яна займала там другое месца ў групе. З спаборніцтваў таксама зьнялі расейскую моладзевую зборную, футзальныя каманды і каманды пляжнага футболу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIFA і FIDE забаранілі праводзіць матчы і спаборніцтвы ў Расеі

Раней міжнародная фэдэрацыя футболу ФІФА зьняла расейскую зборную з кваліфікацыі да Чэмпіянату сьвету, правядзеньне якога заплянавана ў Катары ў лістападзе-сьнежні сёлета. Гэта здарылася пасьля таго, як зборныя Польшчы і Швэцыі заявілі, што ня будуць гуляць з расейскай камандай — з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны і эўрапейскі футбольныя зьвязы FIFA і UEFA забаранілі ўсім расейскім клюбам і зборным удзел ва ўсіх спаборніцтвах