Нямеччына падтрымала пляны ЭЗ адмовіцца ад расейскай нафты. Што паўплывала на зьмену пазыцыі

Вэнтыль нафтаправоду. Ілюстрацыйнае фота

На перамовах аб увядзеньні шостага пакета санкцый супраць РФ Нямеччына выразна выказалася ў падтрымку эмбарга.

Пра гэта паведаміла 1 траўня агенцтва dpa са спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў у Брусэлі. Цяпер увядзеньне Эўразьвязам забароны на імпарт расейскай нафты стала значна больш верагодным, адзначае агенцтва.

Супраць гэтай меры цяпер выступаюць толькі Вугоршчына, Аўстрыя, Славаччына, Гішпанія, Італія і Грэцыя.

Паводле дыпляматаў, Вугоршчына і Славаччына пярэчаць хуткаму ўвядзеньню эмбарга, бо празьмерна залежаць ад паставак расейскай нафты. У той жа час у краінах Паўднёвай Эўропы моцна асьцерагаюцца росту коштаў на энэргію для спажыўцоў пасьля адмовы ад расейскага паліва.

На зьмену пазыцыі Нямеччыны паўплывалі нядаўнія посьпехі ў пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў паліва. Міністар эканомікі ФРГ Робэрт Хабэк (Rober Habeck) 26 красавіка паведаміў, што за апошнія восем тыдняў залежнасьць Нямеччыны ад расейскай нафты ўдалося скараціць з 35 % да пачатку вайны ва Ўкраіне да 12 %.

  • Па зьвестках dpa, Эўракамісія мае намер ужо найбліжэйшымі днямі прадставіць праект шостага пакета санкцый супраць Расеі, каб яшчэ больш узмацніць ціск на Крэмль у вайне Расеі супраць Украіны. У той жа час ня выключана, што з прычыны значнай колькасьці праціўнікаў як найхутчэйшай адмовы ад расейскай нафты эмбарга могуць увесьці толькі ўвосень ці нават узімку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея спрабуе раскалоць шэрагі Эўразьвязу». Ці магчымая поўная адмова краінаў ЭЗ ад расейскіх энэрганосьбітаў