Галоўнае на гэты момант
- Пэнтагон абвінаваціў Пуціна ў «амаральнасьці» і «жорсткасьці».
- Ва Ўкраіне налічылі звыш 7000 зьніклых бязь вестак.
- Расейскія вайскоўцы абстралялі Кіеў падчас візыту генсакратара ААН. Было выпушчана 5 ракет, 2 трапілі ў дом. Ад абстрэлу 10 чалавек атрымалі раненьні, загінула адна жанчына.
- Расея ўзмацняе інтэнсіўнасьць агню на Данбасе. У горад Ізюм Харкаўскай вобласьці расейцы сьцягнулі дадатковыя сілы дэсантнікаў і 500 адзінак тэхнікі, працягваюцца абстрэлы Харкава.
- З Херсонскай вобласьці расейцы спрабуюць наступаць на Мікалаеў і Крывы Рог.
- Па Адэсе нанесены ракетны ўдар. Пашкоджаная ўзьлётна-пасадачная паласа аэрапорту.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 1 траўня
Больш за 50 мірных жыхароў эвакуявалі з «Азовстали»
1 траўня з марыюпальскага мэталюргічнага завода «Азовсталь» у калёне з аўтамабілямі з сымболікай ААН вывезьлі больш за 50 чалавек, піша Reuters. Паводле фатографа выданьня, спачатку ў цэнтар часовага разьмяшчэньня ў у вёсцы Безыменнае Данецкай вобласьці прыбыла група з прыкладна 40 мірных жыхароў. Пазьней у цэнтар прыбыла яшчэ адна група, якая налічвала каля 14 чалавек.
Завод «Азовсталь» у Марыюпалі практычна разбураны
Кампанія Maxar Technologies апублікавала спадарожнікавыя здымкі камбінату «Азовсталь» у Марыюпалі. На іх бачна, што канструкцыі сталеліцейнага завода практычна разбураныя ў выніку бамбардаваньняў і артылерыйскіх удараў.
У Кіеў прыбыла спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі
1 траўня ў Кіеў зь візытам прыбыла сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі. Падчас сустрэчы Ўладзімір Зяленскі назваў ЗША лідэрам у падтрымцы Кіева супраць расейскай агрэсіі і падзякаваў за дапамогу ў абароне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
Зяленскі ўзнагародзіў Нэнсі Пэлосі ордэнам княгіні Вольгі III ступені «за важкі асабісты ўнёсак ва ўмацаваньне ўкраінска-амэрыканскага міждзяржаўнага супрацоўніцтва, падтрымку сувэрэннай, незалежнай і дэмакратычнай Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеў прыбыла спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі ПэлосіГубэрнатар Белгарадзкай вобласьці паведаміў пра выбух на «аб’екце мінабароны»
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў факт выбуху 1 траўня і тое, што ён здарыўся на «абʼекце міністэрства абароны».
«На мяжы трох муніцыпалітэтаў — Барысаўскага і Белгарадзкага раёнаў і Якаўлеўскай гарадзкой акругі — адбыўся пажар на тэрыторыі аднаго з абʼектаў Міністэрства абароны РФ. Інфармацыя аб пацярпелых і разбурэньнях удакладняецца», — напісаў ён. У наступным пасьце ён паведаміў аб лёгкім раненьні аднаго зь мясцовых жыхароў.
На акупаваных Расеяй тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей адключаная мабільная сувязь і інтэрнэт
Пра гэта паведамляе Дзяржаўная служба спэцыяльнай сувязі Ўкраіны. Па яе дадзеных, сувязь адключылі расейскія ўлады, якія абарвалі оптавалакновыя кабэлі і адключылі ад электрычнасьці абсталяваньне пастаўшчыкоў паслуг.
Гаворка ідзе пра амаль усю тэрыторыю Херсонскай вобласьці і гарады Бярдзянск і Мелітопаль у Запароскай. У паведамленьні ведамства гаворыцца, што гэта «ня што іншае, як чарговая спроба акупанта пакінуць украінцаў бяз доступу да праўдзівай інфармацыі аб ходзе вайны... і зрабіць сваю хлусьлівую прапаганду безальтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі, як гэта робіцца ў самой Расеі».
Прадстаўнікі расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што сувязь адключыў украінскі бок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На акупаваных Расеяй тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей адключаныя мабільная сувязь і інтэрнэт
Выбухі ў Мікалаеве
Раніцай 1 траўня паведамляюць пра новыя выбухі ў Мікалеве і Адэсе. У Мікалаеве нешта выбухнула пасярод поля, як вынікае з паведамленьняў кіраўніка Мікалаеўскай вобласьці Віталія Кіма. У ягоным тэлеграм-канале адно за другім ранкам зьяўляліся паведамленьні з фатаздымкамі выбуху.
У Адэсе спрацавала сыстэма супрацьпаветранай абароны, паведаміў сьпікер адміністрацыі Адэскай вобласьці Сяргей Братчук.
Расейскія вайскоўцы вывозяць збожжа для пасеву і выпечкі хлеба з Запароскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай абласьцей
Пра гэта распавёў намесьнік міністра разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны Тарас Высоцкі.
«Усяго ў гэтых рэгіёнах у фэрмэраў маецца каля паўтара мільёна тон такіх збожжавых культур. Вядома, гэта істотны рэзэрвовы прадукт. Варта паглядзець на высокія сусьветныя цэны сёньня — гэта сотні мільёнаў даляраў, і ёсьць значная рызыка, што яго проста скрадуць і вывезуць на карысьць Расеі», — адзначыў ён.
Гэта падрывае і харчовую бясьпеку ў сьвеце, падкрэсьліў украінскі чыноўнік. Паводле зьвестак ААН, каля 1,7 мільярда чалавек пагражае голад і галеча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку працяглага галаданьня ў акупаванай Бучы памерла вядомая ўкраінская мастачкаУ Херсонскай вобласьці расейскія вайскоўцы выкралі дэпутата
Расейскія вайскоўцы выкралі дэпутата гарадзкога савета Новай Кахоўкі (Херсонская вобласьць) Ігара Пратакавыла, паведаміла 1 траўня прэс-служба Кахоўскай гарадзкой тэрытарыяльнай абшчыны. Згодна з паведамленьнем, дэпутата выкралі з дому яшчэ 19 красавіка, яго месцазнаходжаньне дасюль не вядомае.
Працягваюцца абстрэлы Луганскай вобласьці
30 красавіка па жылых кварталах гарадоў і сёлаў Луганскай вобласьці адкрывалі агонь 19 разоў. Пра гэта паведаміў 1 траўня кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
«Па шэсьць масіраваных артылерыйскіх абстрэлаў вытрымалі Севераданецк і Лісічанск, па тры — Рубежнае і Папасяншчына. Як сьледзтва, яшчэ 12 дамоў сталі непрыдатнымі для жыцьця. Пяць зь іх — шматпавярховікі ў Севераданецку, яшчэ два — у Рубежным. У гэтым горадзе таксама адбылося ўзгараньне двух прыватных дамоў. У Камышавасе разбурылі будынак сельсавету, школу і шматкватэрны дом. У Лісічанску перабіты газаправод», — адзначыў ён.
У Данецкай вобласці за дзень параненыя 9 жыхароў
У Данецкай вобласьці 30 красавіка ў выніку абстрэлаў расейскіх вайскоўцаў параненыя 9 мірных жыхароў Данбасу, сярод якіх 4 дзіцяці, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Павал Кірыленка.
Ён дадаў, што ў Бахмуце зарэгістраваная сьмерць аднаго чалавека, параненага ў Луганскай вобласьці. «Удалося ўдакладніць інфармацыю аб трох загінулых у Марыюпалі, аднак дакладную колькасьць ахвяраў у Марыюпалі і Валнавасе ўстанавіць пакуль немагчыма», — гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскія вайскоўцы абстралялі пасёлак у Днепрапятроўскай вобласьці, параніўшы жанчыну
Пра гэта паведаміў 1 траўня старшыня Днепрапятроўскай вобласьці Валянцін Рэзьнічэнка. «Варожы абстрэл вёскі ў Сінельнікаўскім раёне. Пацярпеў прыватны двор. Параненая жанчына», — напісаў Рэзьнічэнка.
З пачатку вайны ва Ўкраіне разбурылі і пашкодзілі больш за 250 установаў культуры
Такую лічбу назваў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка. Паводле яго, міністэрства ўжо працуе над тым, каб пачаць аднаўляць установы на вызваленых тэрыторыях.
Расейцы працягваюць абстрэльваць Харкаў
1 траўня кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі распавёў аб абстрэлах горада за апошнія суткі. Па словах Алега Сінягубава, расейцы тройчы абстрэльвалі горад з артылерыі і рэактыўных сыстэм залпавага агню. Пацярпелі пасёлкі Салтоўка, Пяціхаткі, а таксама раён аэрапорта. Адзін чалавек у Балаклейскім раёне быў паранены. Сінягубаў таксама заклікаў харкаўчан безь неабходнасьці не выходзіць са сховішчаў на працягу дня — нават пры адсутнасьці паветранай трывогі.
Ювэнальныя пракуроры: 219 дзяцей загінулі ва Ўкраіне з пачатку вайны
Больш за 623 дзяцей пацярпелі ва Ўкраіне ў выніку вайны Расеі супраць Украіны. Па стане на раніцу 1 траўня афіцыйная колькасьць загінулых у выніку вайны дзяцей не зьмянілася — 219. Узрасла колькасьць параненых — больш за 404, паведамілі ў Офісе Генпракурора Ўкраіны. Там дадаюць, што гэтыя лічбы не канчатковыя, бо працягваюць усталёўваць колькасьць ахвяраў сярод дзяцей у месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях.
Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай вобласьці — 139, Кіеўскай — 115, Харкаўскай — 95, Чарнігаўскай — 68, Херсонскай — 44, Мікалаеўскай — 43, Луганскай — 37, Запароскай — 27, Сумскай — 17, у Кіеве — 16, Жытомірскай — 15.
Ва Ўкраіне праз вайну часова зачыняць марскія парты
Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага ўраду, будуць часова зачынены марскія парты Бярдзянска, Марыюпаля, Скадоўску і Херсона. Такое рашэньне прынялі «ў сувязі з поўнамаштабным уварваньнем РФ і немагчымасьцю абслугоўваць судны і пасажыраў, праводзіць грузавыя, транспартныя і іншыя зьвязаныя з гэтым віды гаспадарчай дзейнасьці, забясьпечыць належны ўзровень бясьпекі суднаходзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне закрываюць шэраг марскіх партоўУкраінскі Генштаб: захоўваецца пагроза ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі
Захоўваецца пагроза ракетных удараў па аб’ектах ваеннай і цывільнай інфраструктуры па ўсёй тэрыторыі Украіны з тэрыторыі Беларусі, паведамляе Генштаб ВСУ ў ранішняй зводцы за 1 траўня. Па зьвестках ведамства, падразьдзяленьні ўзброеных сіл Беларусі працягваюць прыкрыцьцё мяжы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.
Таксама ўкраінскае ваеннае камандаваньне не выключае «ўчыненьня праціўнікам правакацый у прыгранічных раёнах».
«Захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах ваеннай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны, — гаворыцца ў вечаровай зводцы за 30 красавіка. — Паводле інфармацыі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да гэтага часу разгорнуты расейскія апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр-М“, а асобныя авіяцыйныя падразьдзяленьні Паветрана-касьмічных сіл РФ працягваюць базавацца на пэўных аэрадромах».
СБУ заяўляе, што абясшкодзіла дывэрсійную групу, якая рыхтавала тэракт
СБУ сьцьвярджае, што абясшкодзіла ва Ўкраіне дывэрсійную-выведніцкую групу расейцаў, якая хацела зладзіць тэракт — зьбіць пасажырскі самалёт над тэрыторыяй Беларусі або РФ і абвінаваціць у гэтым украінцаў.
Паводле СБУ, група складалася з 2 чалавек з падвойным грамадзянствам і завэрбаванага імі саўдзельніка. Іх дзейнасьць нібыта каардынаваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Узброеных сіл РФ Аляксандар Цюцераў. Група спрабавала наладзіць кантакты з прадстаўнікамі Ўзброеных сіл Украіны пад выглядам добраахвотнікаў, сьцьвярджае СБУ.
Расейскае войска ўзмацняе ўдарную групоўку на Слабажанскім кірунку, — Генштаб УСУ
Генштаб Узброеных сілаў Украіны ў ранішняй зводцы за 1 траўня паведамляе, што на Слабажанскім напрамку групы расейскага войска працягваюць наносіць удары з паветра і прыкрываць артылерыйскім агнём Харкаў. Расейцы вядуць наступальныя дзеяньні на кірунках Ізюм — Барвінкава і Ізюм — Славянск. Ударная групоўка расейскага войска працягвае ўмацоўвацца: расейцы перакінулі ў гэтыя раёны да 300 адзінак узбраеньня і ваеннай тэхнікі, таксама прыбылі каля тысячы мабілізаваных з часова акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей.
На Данецкім і Таўрыйскім напрамках групоўка расейскіх войскаў вядзе актыўныя дзеяньні на ўсім участку лініі судакрананьня, спрабуючы нанесьці ўдары з паветра і артылерыйскі агонь па пазыцыях украінскіх войскаў.
Таксама расейскае войска вядзе баі за выхад да адміністрацыйных межаў Херсонскай вобласьці і стварэньне спрыяльных умоваў для наступу на Мікалаеў і Крывы Рог.
На Паўночным напрамку расейскія вайскоўцы абстралялі пазыцыі ўкраінскіх войскаў з тэрыторыі Бранскай вобласьці.
Мінабароны Расеі заявіла, што ўкраінскія вайскоўцы абстралялі населеныя пункты, занятыя расейскімі войскамі
Гаворка пра вёскі Кісялёўка і Шырокая Бэлька ў Херсонскай вобласьці. Расейскае Мінабароны сьцьвярджае, што пад артылерыйскі абстрэл нібыта трапілі школа і дзіцячы сад, а таксама могілкі, на якіх знаходзіліся людзі, ёсьць параненыя і загінулыя, сьцьвярджае ведамства.
Ва Ўкраіне налічылі звыш 7000 зьніклых бязь вестак
Колькасьць зьніклых бязь вестак ва Ўкраіне з-за вайны беспрэцэдэнтная ў сучаснай сусьветнай гісторыі. За два месяцы ў праваахоўныя органы паступілі больш за 7 тысяч заяў. Каля паловы зь іх адшукалі, паведаміла намесьніца міністра ўнутраных спраў Украіны Марыя Акапян.
Таксама каля 2000 целаў загінулых атрымалі статус неапазнаных, а 1282 пазьней ідэнтыфікавалі. Таксама ў рамках крымінальнай вытворчасьці цяпер прызначаны 927 экспэртыз ДНК.
Міністэрства ўнутраных спраў зьвярнулася па дапамогу да краін-партнэраў і міжнародных арганізацый у пастаўках рэактываў, прыцягненьні дадатковых экспэртных групаў і стварэньні сучаснага адзінага рэестру зьніклых бязь вестак.
Уцекачы ад вайны
Паводле зьвестак ААН, ад пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:
- 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
- 769,6 тысячы — у Румынію,
- 578,3 тысячы — у Расею,
- 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
- 430,2 тысячы — у Малдову,
- 349,3 тысячы — у Славаччыну,
- 23,9 тысячы — у Беларусь.
Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Расея прыпыніла спрошчаную працэдуру афармленьня віз для асобных грамадзян ЭЗ
Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні спрошчанага парадку выдачы расейскіх візаў асобным катэгорыям грамадзян Эўразьвязу. Пад дзеяньне закону падпадаюць уладальнікі дыпляматычных пашпартоў, чальцы афіцыйных дэлегацый, нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парлямэнтаў, канстытуцыйных і вярхоўных судоў, а таксама журналісты. Абмежаваньні будуць распаўсюджвацца на грамадзян дзяржаў-чальцоў ЭЗ, а таксама Даніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйну, Нарв.гіі і Швайцарыі. Зазначаецца, што ўказ падпісаны «ў сувязі зь недружалюбнымі дзеяньнямі Эўразьвязу».
Пуцін падпісаў указ аб дадатковых мерах па забесьпячэньні інфармацыйнай бясьпекі ў Расеі
З 1 студзеня 2025 году расейскім установам і дзяржаўным кампаніям будзе забаронена выкарыстоўваць сродкі абароны інфармацыі, вырабленыя ў «недружалюбных краінах».
У Курскай вобласьці абваліўся чыгуначны мост
Губэрнатар Курскай вобласьці, якая мяжуе з Украінай, Раман Старавойт у нядзелю паведаміў аб частковым абрушэньні чыгуначнага моста. Пацярпелых няма. У Сьледчым камітэце спачатку заявілі, што разглядаюць вэрсію аб «падрыве» маста, але потым удакладнілі, што пад словам «падрыў» мелася на ўвазе абвальваньне палатна, а доказаў наўмыснага падрыву пакуль няма.
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з расейскіх памежных рэгіёнаў некалькі разоў паступалі паведамленьні аб пашкоджаньні чыгуначнага палатна. Пры гэтым расейскія ўлады ні разу не казалі аб дывэрсіі як аб прычыне разбурэньня палатна, не паведамлялася і пра затрыманьне датычных.
У Маскве прызналі, што Расея паўтара-два гады будзе ў «складанай сытуацыі»
«Цяпер, канец году і наступны год, то бок амаль паўтара, два гады мы будзем жыць у вельмі складанай сытуацыі. Таму вельмі важна ацаніць свае сілы і рэсурсы», — цытуе расейскае агенцтва «РИА Новости» кіраўніка Падліковай палаты Расеі Аляксея Кудрына.
- На яго думку, інфляцыя ў Расеі, паводле базавага прагнозу, складзе 20,7% у 2022 годзе і яшчэ больш на 6% у 2023-м.
- На падтрыманьне эканомікі ва ўмовах маштабных заходніх санкцый давядзецца выдаткаваць больш як шэсьць трыльёнаў расейскіх рублёў (каля 82,5 мільярда даляраў ЗША).
Аўтамабільныя гіганты пакідаюць Расею
Volvo Cars і Jaguar Land Rover скарачаюць свае расейскія офісы — JLR фактычна пакідае Расею, застануцца толькі супрацоўнікі штату для каардынацыі адміністрацыйных узаемадзеяньняў пры закрыцьці юрыдычнай асобы. Пра гэта піша «Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Расейская тэхніка пакідае Беларусь
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.
Як рэагуе сьвет
Пэнтагон раскрытыкаваў Пуціна
Прэс-сакратар міністэрства абароны ЗША Джон Кэрбі падчас брыфінгу з журналістамі 29 красавіка рэзка выказаўся аб палітыцы Уладзіміра Пуціна ў адносінах да Ўкраіны.
У прыватнасьці ён назваў «дзіўнымі» і «недарэчнымі» заявы Расеі аб пагрозах з боку ЗША і краін Захаду, а таксама аб нацыстах ва Ўкраіне. Кэрбі лічыць, што агрэсарам у цяперашняй сытуацыі выступае сама Расея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон абвінаваціў Пуціна ў «амаральнасьці» і «жорсткасьці»NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай
Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.
Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.
Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне
Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Фларыды, якая ўваходзіла ў склад Аб'яднанай шматнацыянальнай навучальнай групы на заходзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.
ЗША вывучаюць магчымасьці прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму за яе ўварваньне ва Ўкраіну
З такой заявай выступіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна вывучае заканадаўчыя магчымасьці прызнаньня Расеі дзяржавай, якая спансуе тэрарызм.
«Ня маю сумневаў, што Расея тэрарызуе ўкраінскі народ. Пытаньне ў тым, і гэта вывучаюць юрысты, што патрэбна пераканацца, што сытуацыя сапраўды адпавядае патрабаваньням для такога азначэньня», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, адказваючы на пытаньне аднаго з амэрыканскіх сэнатараў, перадае «Голас Амэрыкі».
Амэрыканскія кангрэсмэны прагаласавалі за законапраект аб лэнд-лізе і абароне дэмакратыі ва Ўкраіне
Закон дазваляе істотна паскорыць пастаўкі ва Ўкраіну амэрыканскай дапамогі, у тым ліку баявой тэхнікі і боепрыпасаў. Пасьля яго прыняцьця кіраўнік Белага Дому абавязаны на працягу 60 дзён вызначыць паскораныя працэдуры дастаўкі амэрыканскага ўзбраеньня, транспарту, харчоў і іншай дапамогі.
Украінскія ўлады канфіскуюць яшчэ 51 чыгуначную цыстэрну зь Беларусі
Пячэрскі раённы суд Кіева на падставе хадайніцтва Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны арыштаваў 51 беларускую чыгуначную цыстэрну з дызэльным палівам, паведамляе прэс-служба ДБР.
Цыстэрны зьявіліся ў Чарнігаўскай вобласьці 23 лютага — напярэдадні разьвязанай Расеяй вайны супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне арыштавалі 51 чыгуначную цыстэрну зь Беларусі. Іх накіруюць на дапамогу ўкраінскім вайскоўцам