Заява прагучала ў сувязі са шматнацыянальнымі ваеннымі вучэньнямі Defender Europe — 2022, якія пройдуць 1— 27 траўня на тэрыторыі 19 эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама ў акваторыі Балтыйскага і Паўночнага мораў.
У Мінабароны Беларусі заявілі, што ў рамках вучэньняў будуць адпрацаваныя «розныя варыянты перакідкі кааліцыйных груповак войскаў (сіл) у Эўропе», будзе праверана «гатоўнасьць і магчымасьць» інфраструктуры эўрапейскіх дзяржаў «па прыёме і разьмяшчэньні войскаў (сіл) узмацненьня», а таксама забесьпячэньні «кааліцыйных груповак войскаў» у ходзе правядзеньня «апэрацыі ва Усходняй Эўропе і Прыбалтыцы».
Асноўныя манэўры, паводле інфармацыі ваеннага ведамства, пройдуць на тэрыторыі сумежных з Беларусьсю дзяржаў — на палігонах Адажы (Латвія), Падбродзьдзе (Літва), Жагань і Ожыш (Польшча), а таксама навучальным цэнтры сухапутных войскаў Драўска (Польшча).
Адзначаецца, што ад ЗША да вучэньняў прыцягнуць больш за 12 тыс. вайскоўцаў, 80 танкаў, 150 баявых браніраваных машын, 50 адзінак артылерыі і 30 баявых верталётаў. Таксама заяўлена, што ў манэўрах на тэрыторыі Польшчы краіны-ўдзельніцы задзейнічаюць каля 6.000 вайскоўцаў, 100 танкаў, 150 баявых браніраваных машын і 60 адзінак артылерыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У траўні ва Ўсходняй Эўропе адбудуцца маштабныя вучэньні NATO з удзелам Фінляндыі і ШвэцыіУ Мінабароны зьвярнулі ўвагу, што «на адзіным апэратыўным фоне» з вучэньнямі Defender Europe — 2022 «сплянавана правядзеньне вучэньняў аб’яднаных узброеных сіл NATO „Cold Response — 2022“ (на тэрыторыі Грузіі, Латвіі, Літвы, Паўночнай Македоніі і Нарвэгіі) і нацыянальных Узброеных сіл Славакіі „Славацкі шчыт — 2022“ на палігоне Лешць».
«Відавочна, што зараз Паўночнаатлянтычны альянс разглядае Ўсходне-Эўрапейскі рэгіён як найбольш верагодны тэатар ваенных дзеяньняў», — лічаць у беларускім ваенным ведамстве.
- У лютым на тэрыторыі Беларусі прайшлі вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць-2022», пасьля якіх было заяўлена, што вываду расейскіх войскаў зь беларускай зямлі ня будзе. Расейскія войскі і тэхніка з тэрыторыі Беларусі атакавалі Ўкраіну 24 лютага.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.