Асуджанаму па справе «крымскіх дывэрсантаў» прысудзілі яшчэ 19,5 гадоў зьняволеньня

Дзьмітры Штыблікаў

Паўднёвы акруговы вайсковы суд у расейскім Растове-на-Доне прыгаварыў да 19.5 гадоў калёніі строгага рэжыму жыхара Севастопаля Дзьмітрыя Штыблікава, раней асуджанага па справе «крымскіх дывэрсантаў»

Яго прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе.

Па тым жа артыкуле суд асудзіў на 13 гадоў калёніі строгага рэжыму афіцэра расейскага войска Аляксандра Аблогу.

10 лістапада 2016 году Фэдэральная служба бясьпекі Расеі (ФСБ) заявіла аб затрыманьні групы «ўкраінскіх дывэрсантаў» у Севастопалі. Паведамлялася, што затрыманыя — жыхары анэксаванага Крыму, экспэрты закрытага ў 2014 годзе Цэнтру спрыяньня вывучэньню геапалітычных праблемаў і эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Чарнаморскага рэгіёну «Номас» Дзьмітры Штыблікаў і Аляксей Бесарабаў, а таксама капітан 2-га рангу запасу, у мінулым капітан карабля Ўладзімір Дудка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анэксаваным Расеяй Крыме журналіста Свабоды Ўладзіслава Есіпенку асудзілі на 6 гадоў турмы

Дзьмітрыя Штыблікава ў лістападзе 2017 году прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў падрыхтоўцы дывэрсіяў. У ФСБ сьцьвярджалі, што ён даў прызнальныя паказаньні. Дудка і Бесарабаў віну не прызналі. Пазьней іх прыгаварылі да 14 гадоў калёніі строгага рэжыму кожнага.

Украінскія ўлады абвяргаюць усе абвінавачаньні ў падрыхтоўцы дывэрсіяў.