Нарвэгія закрывае свае межы і парты для расейскіх грузавікоў і караблёў. Але будуць выняткі

Від на Барэнцбург у нарвэскім арктычным архіпэлягу Шпіцбэрген (архіўнае фота)

Улады Нарвэгіі абвясьцілі аб рашэньні закрыць свае межы і парты для расейскіх грузавікоў і караблёў, далучыўшыся да санкцый Эўразьвязу ў сувязі з поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну.

Памежны пераход Стурскуг — адзіны паміж Нарвэгіяй і Расеяй — закрыты для перавозкі ўсіх тавараў, якія ўваходзяць у санкцыйны спіс ЭЗ, паведаміла грамадзкаму тэлеканалу NRK міністарка замежных спраў Анікен Гітфэльд.

Мяжа паміж дзьвюма краінамі будзе закрытая зь пятніцы, а расейскія караблі ня змогуць заходзіць у нарвэскія парты з 7 траўня.

Але расейскія рыбалоўныя судны, якія часта выгружаюць свой улоў у парты на поўначы Нарвэгіі, будуць вызваленыя ад санкцый, заявіла міністарка 29 красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі вызначылі сьпіс «недружалюбных» краінаў

У МЗС заявілі, што нарвэскі арктычны архіпэляг Шпіцбэрген, які дзейнічае ў рамках дагавору 1920-х гадоў, што дазваляе празь яго пашыраць доступ краінам-удзельніцам, таксама ня будзе падпадаць пад санкцыі.

Чалец NATO Нарвэгія не зьяўляецца чальцом Эўразьязу, але ўваходзіць у Шэнгенскую зону — зону 26 эўрапейскіх краін, якія афіцыйна адмянілі памежны кантроль паміж сваімі тэрыторыямі.