«Іх выводзілі па адным і расстрэльвалі»: масавыя забойствы падчас расейскай акупацыі на Чарнігаўшчыне

Разбураная школа пасьля расейскай акупацыі ў вёсцы Новых Быкаў

Украінская служба Радыё Свабода знайшла сьведчаньні выпадкаў масавых забойстваў мірных жыхароў у двух суседніх вёсках Чарнігаўшчыны падчас расейскай акупацыі.

Журналісты зьнялі дакумэнтальны фільм пра масавыя расстрэлы ў вёсках Стары і Новы Быкаў:

У першы дзень, калі расейскія войскі захапілі вёску Стары Быкаў, яны расстралялі шасьцярых цывільных мужчын, якіх проста схапілі на вуліцы. Пахаваць іх адразу вайскоўцы не дазвоіліл, толькі на дзявяты дзень мясцовым жыхарам удалося вывезьці расстраляных і пахаваць іх на мясцовых могілках. Пасьля эксгумацыі целаў забітых выявілася, што перад сьмерцю мужчын яшчэ і катавалі.

Могілкі ў вёсцы Стары Быкаў, дзе пахаваныя, а пасьля эксгумаваныя расстраляныя

«Іх ня толькі расстралялі ў галаву, зь іх яшчэ і пазьдзекаваліся. Зяцю перарэзалі сонную артэрыю, а сыну сэрца пакалолі, рэбры пабламалі», — узгадвае мясцовая жыхарка Вікторыя.

Жыхарка вёскі Стары Быкаў Вікторыя Воўк трымае ў руках партрэты сына Багдана Гладкага і зяця Аляксандра Магырчука, забітых расейскімі вайскоўцамі 27 лютага разам зь яшчэ чатырма мясцовымі мужчынамі

Радыё Свабода атрымала фатаграфіі забітых мужчын. На іх целах відаць прыкметы гвалтоўнай сьмерці.

Фота забітых зробленыя на могілках у вёсцы Стары Быкаў пасьля таго, як расейскія акупанты дазволілі пахаваць іх на дзявяты дзень. З этычных меркаваньняў фота было адрэтушавана, але на ім відавочна бачныя прыкметы гвалтоўнай сьмерці

У падвале кацельні суседняй вёскі Новы Быкаў расейскія вайскоўцы зладзілі катавальню, дзе ўтрымлівалі ня менш за 40 чалавек. Журналісты адшукалі аднаго з палонных, які стаў сьведкам, як расейскі вайсковец-назіральнік выводзіў палонных па адных і расстрэльваў іх на сельскіх могілках.

Падвал у кацельні вясковага клюба ў вёсцы Новы Быкаў, дзе ўтрымлівалі частку палонных

«Аб галовы палонных білі шкляныя бутэлькі, стралялі побач з аўтаматаў, прыкладамі зьбівалі, а аднаму ў рот устаўлялі зброю і казалі, што зараз расстраляюць», — распавядае пра зьдзекі расейскіх вайскоўцаў адзін з палонных, 21-гадовы Максім Дзідык, якога трымалі ў палоне 12 дзён.

Максім Дзідык — 21-гадовы хлопец зь вёскі Новы Быкаў, які 12 дзён знаходзіўся ў палоне ў расейскіх вайскоўцаў

Паводле яго, у кацельні пераважна знаходзіліся мірныя жыхары, толькі аднойчы Максім бачыў сярод палонных трох вайскоўцаў.

На месцы, дзе, паводле сьведчаньня палонных і многіх мясцовых жыхароў, ляжалі забітыя, журналісты знайшлі тры гільзы, па маркіроўцы якіх можна ўстанавіць, што яны былі выраблены на Барнаульскім патронным заводзе (Алтайскі край, Расея) у 1994 годзе.

Гільзы ад патронаў, якія карэспандэнт Радыё Свабода знайшоў на месцы расстрэлу двух мірных жыхароў Міхаіла Івашка і Уладзіміра Вовка

Дзякуючы крыніцам Радыё Свабода ва Ўзброеных сілах Украіны ўдалося ўстанавіць расейскія падразьдзяленьні, якія апошнімі выходзілі з Новага Быкава, калі адбыліся расстрэлы палонных:

  • 30-я асобная мотастралковая брыгада РФ, якая дысьлякуецца ў пасёлку Рошчынскі, Самарскай вобласьці (гэта адно зь першых падразьдзяленьняў, якія распачалі шырокамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну 24 лютага).
  • 24 асобная брыгада спэцпрызначэння Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Расеі, якая дысьлякуецца ў Новасібірску. Байцы гэтай вайсковай выведкі змагаліся ў Першай і Другой чачэнскіх войнах. Таксама ня менш за 300 байцоў новасыбірскага спэцназу ўдзельнічалі ў вайне ў Сырыі.

***

Стары і Новы Быкаў — суседнія вёскі, злучаныя мастом. Агулам там пражывае каля 2 тысяч чалавек. Стары і Новы Быкаў больш за месяц былі пад расейскай акупацыяй. Расейскія вайскоўцы занялі мясцовую школу, лякарню, дзіцячы сад, а ў бамбасховішчы мясцовага клюба зрабілі свой штаб. Пасьля баявых дзеяньняў у вёсцы разбураныя каля 100 дамоў, практычна зьнішчана ўся інфраструктура.