Затрыманую ў Беларусі дырэктара і мэнэджара па сувязях з грамадзкасьцю віленскага друкарскага цэнтру «А2прынт» Алесю Буневіч абвінавачваюць у дапамозе ва ўчыненьні акту тэрарызму. Такая інфармацыя прагучала ў эфіры «Беларусь-1», піша Zerkalo.io.
Алеся Буневіч, як сьцьвярджалі ў эфіры БТ, павінна была дапамагчы пакінуць тэрыторыю Беларусі «групе Дзьмітрыя Клімава» (Дзьмітрыя Клімава, Яўгена Мінкевіча, Уладзімера Аўрамцава затрымалі праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні дывэрсій на чыгунцы).
«Перад дзяўчынай стаяла спэцыфічная задача — яна павінна была правесьці выведку на мясцовасьці, зрабіць закладкі SIM-картак і адправіць відэа свайму куратару ў Літву», — сьцьвярджаюць стваральнікі фільма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бегалі, нешта зь лесу цягнулі цяжкае ў мяшку». Новыя падрабязнасьці затрыманьня «рэйкавых партызанаў»Клімаву, Аўрамцаву і Мінкевічу «пагражае артыкул „тэрарызм“», гучыць у фільме. Алесю Буневіч называюць іх саўдзельніцай, «арганізатарам канала ўцёкаў тэрарыстаў» і агентам літоўскіх спэцслужбаў: «А гэта ўжо здрада».
Пры гэтым якіх-небудзь важкіх доказаў гэтым абвінавачаньням не гучыць.
Пра затрыманьне Буневіч стала вядома 15 красавіка. Па інфармацыі праваабаронцаў, жанчына жыла ў Вільнюсе, а ў Беларусь прыехала на гадавіну сьмерці маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі беларуску, якая адкрыла друкарскі цэнтар у Вільні і прыехала ў Беларусь на ўгодкі сьмерці маціЖурналістку Слаўнікаву абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня
Журналістка Ірына Слаўнікава паўгода знаходзіцца за кратамі. Былая супрацоўніца «Белсату», а цяпер штатная супрацоўніца Польскай тэлевізіі (TVP) зьяўляецца палітвязьнем і неўзабаве паўстане перад судом. Яе абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні злачынстваў паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу, піша «Белсат».
Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандар Лойка былі затрыманыя 30 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Менска, калі вярталіся з адпачынку. Першапачаткова пара была асуджаная да 15 сутак арышту за «публікацыю ў Facebook экстрэмісцкага кантэнту».
Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсату» пэрыяду, калі тэлеканал яшчэ ня быў прызнаны экстрэмісцкім. «Суткі» скончыліся, але ні мужа, ні жонку не адпусьцілі. Іх прывезьлі ў іншае РУУС, дзе яны пачулі, што зноў затрыманыя — нібыта «за дробнае хуліганства». Іх зноў пакаралі 15-дзённым арыштам. 26 лістапада 2021 года журналістку прызналі падазраванай у крымінальнай справе, а затым перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 у Менску.
«Ірыне першапачаткова было выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкулу 342 КК РБ, частка 1. Артыкул тычыцца «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак ці ўдзел у іх», — кажа Аляксандар Слаўнікаў, бацька журналісткі.
Паводле гэтага артыкулу Ірыне пагражае ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін да 4 гадоў.
«Нейкі час таму, калі адвакат склаў скаргу на затрыманьне Ірыны і яе ўтрыманьне ў СІЗА, ён даведаўся, што маю дачку таксама абвінавачваюць паводле артыкулу 361-1, частка 1, якая гучыць так: «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, а роўна фармаваньня, дзейнасьць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фармаваньнем або якія ўваходзяць у яго структурным падраздзяленьнем», — кажа бацька журналісткі. — Наколькі я памятаю, гэта да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Сьледчы камітэт не перадае СМІ інфармацыю аб ходзе разбору ў дачыненьні да Ірыны Слаўнікавай. Усе адвакаты, што баранілі яе, былі абавязаныя даць падпіску аб невыдаваньні. Адпаведна, нават бацькі і муж журналісткі ня ведаюць, у чым канкрэтна яе абвінавачваюць.
3 лістапада 2021 года — ужо пасьля арышту Ірыны Слаўнікавай — беларускае МУС прызнала экстрэмісцкім фармаваньнем незалежны тэлеканал «Белсат». Журналістка ў мінулым супрацоўнічала з каналам, аднак на момант затрыманьня была штатным супрацоўнікам TVP, падкрэсьлівае яе бацька.
«Так, мая дачка працавала на „Белсаце“, але гэта было 10 гадоў таму, а можа быць, і больш. А цяпер яна працавала з Польскім тэлебачаньнем. Калі ўжо і TVP прызналі экстрэмісцкім, то я ў шоку», — кажа Слаўнікаў. — Адвакат кажа, што няма ніякіх падставаў для закрытага судовага працэсу. Тым не менш ён лічыць, што слуханьні будуць засакрэчаныя. З той прычыны, што доказная база вельмі слабая і, калі суд будзе публічным, усе зразумеюць, што Ірына не вінаватая ў тых злачынствах, у якіх яе абвінавачваюць.
У сувязі з абсурднасьцю абвінавачваньняў і адсутнасьцю доказаў яе блізкія вельмі разьлічваюць на тое, што яна выйдзе з залі суду вольным чалавекам. Аднак яны разумеюць, што на судах журналістаў у Беларусі апраўдальных прысудаў няма.
«Што б ні здарылася, мы ўсё роўна ведаем, што наша дачка не вінаватая і ў канчатковым выніку будзе рэабілітаваная. І хай гэты прысуд ляжыць на сумленьні тых, хто яго вынесе», — сказаў Аляксандар Слаўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы Слаўнікавай выставілі новае абвінавачаньне, ей пагражае да 7 гадоў зьняволеньняДачку беларускага пісьменьніка і журналіста Міхася Скоблы арыштавалі на 15 сутак
26-гадовую Сафію Скоблу затрымалі ў Менску 26 красавіка і зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна.
Учора над дзяўчынай адбыўся суд, піша «Вясна».
Па папярэдняй інфармацыі, міліцыянты склалі на яе пратакол за бел-чырвона-белы бранзалет зь бісэру на руцэ. Гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаваньне» (арт. 24.23 КаАП). Скоблу прызналі вінаватай і арыштавалі на 15 сутак.
Затрымалі старшыню «пярвічкі» «Гродна Азоту»
Раніцай 29 красавіка затрыманы старшыня нізавой арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот» — Андрэй Ханевіч, паведаміў тэлеграм-канал страйкаму «Гродна Азот».
Суд у Расеі на тры месяцы падоўжыў віцяблянцы Яне Пінчук тэрмін утрыманьня пад вартай
29 красавіка Васілевостраўскі суд падоўжыў Яне Пінчук тэрмін арышту ў Расеі яшчэ на 3 месяцы, да 31 ліпеня 2022 году. Пра гэта «Медиазоне» расказала яе адвакатка Марыя Бяляева. Як паведамляюць «Беларусы Пецярбурга», на паседжаньне, акрамя найбліжэйшых сваякоў, пусьцілі яшчэ 4 чалавекі. Прадстаўнікоў СМІ на паседжаньне не дапусьцілі.
24-гадовую віцяблянку Яну Пінчук, якой у Беларусі пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі, ужо амаль паўгода знаходзіцца ў СІЗА-5 Санкт-Пецярбургу. Яе затрымалі летась 1 лістапада.
У Беларусі Пінчук абвінавачваюць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу за адміністраваньне тэлеграм-чата «Віцебск 97%», прызнанага ўладамі экстрэмісцкім. Ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Пінчук пераехала ў Расею ў 2018 годзе. Зь лістапада 2021 году яна знаходзіцца ў ізалятары, калі СК Беларусі адправіў расейскім сілавікам дакумэнты на экстрадыцыю.
18 красавіка стала вядома, што Расея ўхваліла экстрадыцыю Яны Пінчук у Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўхваліла экстрадыцыю ў Беларусь палітзьняволенай віцяблянкі Яны Пінчук