Захаду варта засвоіць урокі Сырыі, каб супрацьстаяць расейскім дзеяньням ва Ўкраіне, папярэджвае амэрыканскі дасьледчык

Пасьля бамбаваньняў у сырыйскай правінцыі Ідліб, 30 студзеня 2020

Расея пацярпела паразу на першым этапе вайны з Украінай, але Захаду варта разумець, што Ўладзімір Пуцін будзе надалей намагацца задаволіць свае амбіцыі. Заходнім палітыкам варта зрабіць высновы з расейскіх дзеяньняў у Сырыі, каб не паўтараць уласных памылак, папярэджвае Чарлз Лістэр, дырэктар праграмаў па Сырыі і па супрацьдзеяньні тэрарызму ў амэрыканскім Інстытуце Сярэдняга Ўсходу.

«Сёньня глябальная супольнасьць актывізавалася ў падтрымку Ўкраіны, — піша ён у выданьні Politico. — Магутная хваля заходніх санкцый ударыла па эканоміцы Расеі. Самае сучаснае заходняе ўзбраеньне на мільярды даляраў было дасланае, каб дапамагчы і ўзмацніць абарону Ўкраіны. Маючы тысячы забітых і нашмат больш параненых, зазнаўшы велічэзныя страты абсталяваньня (у тым ліку больш як 550 танкаў, больш за 1100 бронемашын і ня менш за 110 адзінак авіяцыйнай тэхнікі), Расея сутыкнулася з поўнай паразай сваіх першапачатковых ваенных мэтаў».

Паводле Лістэра, ЗША і іх заходнія саюзьнікі зрабілі ў гэта вялікі ўнёсак, але варта таксама прызнаць, што менавіта іх ранейшае бязьдзеяньне паспрыяла таму, што Расея адчувала сябе здольнай пачаць уварваньне ва Ўкраіну. Гэтае ўварваньне зрабіла перамешчанымі асобамі 11 мільёнаў мірных жыхароў, ад яго ўжо загінулі тысячы людзей, а значная частка Ўкраіны разбураная.

«У той час як Захад абдумвае, як стрымаць Расею і як супрацьстаяць яе наступнай атацы, нам трэба разумець сыгналы, якія Расея ўжо даслала, і зрабіць найбольш карысныя высновы зь яе трагічных і сьмертаносных сямігадовых дзеяньняў у Сырыі», — піша Лістэр. Вось ягоныя асноўныя пункты, якія мы падаем у скароце.

1. Гэта яшчэ ня ўся вайна

Хоць Украіна, выглядае, і выйграла першую бітву, вайна ўступае ў новую фазу. І гэта можа быць толькі першым этапам у доўгай вайне, у якой Крэмль усё яшчэ можа здабыць перамогу. Сырыя дэманструе, як Крэмль здольны адаптавацца і гуляць «удоўгую».

На першым этапе інтэрвэнцыі ў Сырыі Расея сутыкнулася зь вялікімі праблемамі. Пад камандаваньнем генэрала Аляксандра Дворнікава расейскія сілы пачалі брутальную паветраную кампанію супраць сырыйскіх апазыцыйных сілаў, якія пагражалі рэжыму Башара Асада. Крэмль спадзяваўся, што няспыннае бамбаваньне дазволіць сілам сырыйскага рэжыму памяняць сытуацыю на зямлі, але гэта не спрацавала. Сырыйскія сухапутныя сілы збольшага аказаліся няздольныя скарыстацца расейскай паветранай падтрымкай.

Дворнікаў, які цяпер камандуе расейскімі сіламі ва Ўкраіне і якога некаторыя празвалі «мясьніком Сырыі», мае схільнасьць да бязьлітасных тактык, якія больш пасуюць Сярэднявеччу, чым XXI стагодзьдзю. Але акрамя гэтай прыхільнасьці да маштабнага бамбаваньня і аблогаў, Дворнікаў таксама паказаў здольнасьць адаптавацца, піша Лістэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Белага дому назвала новага камандуючага войскамі Расеі ў вайне адказным за «зьверствы, якія мы бачылі ў Сырыі»

У хуткім часе Расея пачала разьмяшчаць у Сырыі невялікія групы спэцназу, якія ўзаемадзейнічалі не з карумпаванымі і збольшага непрафэсійнымі ўрадавымі войскамі, а з баевікамі лібанскай групоўкі Хезбала. Лестэр піша, што былы афіцэр расейскай выведкі расказваў яму, што некаторыя спэцназаўцы вярталіся з Сырыі з шыіцкімі татуіроўкамі ў памяць пра сваіх «братоў па крыві» з Хезбалы.

Расея таксама прымусіла сырыйскія ўзброеныя сілы правесьці зьмены ў кіраўніцтве і стварыць новыя падразьдзяленьні. У Сырыю накіравалі кантрактнікаў з прыватных вайсковых кампаній, якія, сярод іншага, трэніравалі сырыйскіх вайскоўцаў. Таксама сырыйскія вайскоўцы сталі рэгулярна наведваць Расею і праходзіць там навучаньне.

2. Расея ведае, што Захад можа страціць канцэнтрацыю

Падчас вайны ў Сырыі Расея ведала, што ўвага Захаду адцягнутая на «Ісламскую дзяржаву», што Захад стомлены канфліктам паміж рэжымам і апазыцыяй і перакананы, што Сырыя зробіцца для Расеі «дрыгвой». Масква зрабіла зьмены ў падыходах у 2016 і 2017 годзе.

У той час як расейскія самалёты працягвалі бамбіць мірнае насельніцтва, расейскія дыпляматы пачалі выкарыстоўваць прынятую ў ААН тэрміналёгію і ўжываць рыторыку «дээскаляцыі». Нечаканая прыхільнасьць Расеі да дээскаляцыі, магчыма, стала галоўным інструмэнтам, які заахвоціў міжнародную супольнасьць падзяліць найбольш канфліктныя тэрыторыі Сырыі на «зоны дээскаляцыі».

Для міжнароднай супольнасьці была прывабнай пэрспэктыва спакою пасьля столькіх гадоў крывавага хаосу, а таксама ідэя прытоку гуманітарнай дапамогі ў канфліктныя раёны. Расейскія прапановы горача віталі, а ЗША ўдзельнічалі ў перамовах пра стварэньне адной з чатырох «зон дээскаляцыі» на поўдні Сырыі, нават ведаючы, што гэта ў выніку прымусіць іх сырыйскіх партнэраў аддаць рэжыму тэрыторыю, піша Лістэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны трэці расейскі вайсковец, які быў у Бучы, раней ваяваў у Сырыі

«Зоны дээскаляцыі» аказаліся проста хітрыкам, каб зацягнуць час і дазволіць сырыйскаму рэжыму і яго расейскім і іранскім партнэрам захапіць гэтыя зоны па адной. Тры з чатырох зонаў былі ўзятыя ў аблогу, ператвораныя ў руіны артылерыйскімі абстрэламі і захопленыя ў 2018 годзе. У паўднёвай Сырыі, дзе Вашынгтон быў адным з гарантаў дамовы аб дээскаляцыі, амэрыканцы фактычна вымусілі сваіх партнэраў не змагацца, а здацца. Чацьвёртая «зона дээскаляцыі», у Ідлібе, захоўваецца дагэтуль — дзякуючы выключна гатоўнасьці Турэччыны абараняць яе ад нападаў рэжыму.

Абмежаваная працягласьць увагі з боку міжнароднай супольнасьці і яе гатоўнасьць ісьці на любыя крокі, каб зьменшыць узровень канфлікту, прывяла да таго, што віталіся любыя «перамір’і», гуманітарныя «вокны» і «калідоры», мясцовыя працэсы «прымірэньня», якія былі толькі сродкам зацягнуць час, каб падзяляць і ўладарыць.

Расея таксама задзейнічала мэханізм ААН, які дазваляў урадам, што ўдзельнічалі ў канфлікце ў Сырыі, атрымліваць дакладныя каардынаты шпіталяў у зонах, падкантрольных апазыцыі, каб гарантаваць, што яны ня будуць закранутыя ваеннымі дзеяньнямі. Расейскія войскі выкарыстоўвалі гэтыя каардынаты, каб бамбіць шпіталі адзін за адным. А калі ААН мусіла пачаць расьсьледаваньне гэтых бамбаваньняў, генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш неаднаразова паддаваўся расейскаму ціску, каб адкласьці гэта. У выніку расейскі ўдзел у бамбаваньнях нават ня згадвалі ў кароткіх асноўных паведамленьнях для публікі.

3. Пуцін ведае, што Захад пазьбягае рызыкі

Нягледзячы на свае дзеяньні ў Сырыі, Расея не сутыкнулася ні зь якімі наступствамі — на яе не наклалі за гэта ніводнай санкцыі. Тут ёсьць два ўрокі, піша Лістэр: Расею нельга прысароміць, каб яна пайшла на саступкі, а адчуваньне беспакаранасьці служыць палівам для новай агрэсіі.

Калі рэжым Асада забіў ня менш за 1400 мірных жыхароў газам зарынам у жніўні 2013 году, расейская прапанова выступіць пасярэднікам у зьнішчэньні сырыйскай хімічнай зброі пераканала прэзыдэнта ЗША Барака Абаму не рабіць крокаў, каб пакараць сырыйскія ўлады. У выніку ад таго часу рэжым Асада, меркавана, меў датычнасьць да 300 хімічных атак, у тым ліку і з выкарыстаньнем зарыну. Можна быць упэўненымі, што Расея вынесла з гэтага ўрок — непрыхільнасьць Захаду да рызыкі пераважае патрэбу захоўваць нават асноўныя міжнародныя нормы, піша Лістэр.

Што гэта значыць для Ўкраіны

Расея вельмі добра памятае пра схільнасьць Захаду губляць канцэнтрацыю і ўвагу, а таксама пазьбягаць рызыкі. Адносны посьпех дапамогі Ўкраіне пакуль што стварыў адчуваньне «перамогі», але на яго месца можа прыйсьці нядбайнасьць, папярэджвае Лістэр.

Гэтая вайна пачалася ня ў лютым 2022 году, а восем гадоў таму. І малаімаверна, што палітыкі ў Вашынгтоне праз паўгода будуць настолькі ж сканцэнтраваныя на лякальнай дынаміцы таго, што адбываецца на фронце.

Расея можа па-рознаму адаптаваць свае дзеяньні ва Ўкраіне, і большасьць такіх зьменаў цяжка прадказаць. Магчыма, што Крэмль пашле туды большы кантынгент сваіх войскаў і нават замежных наймітаў. Але больш важна тое, піша Лістэр, што Расея паспрабуе замарозіць непрыярытэтныя зоны фронту і сканцэнтраваць рэсурсы на прыярытэтных. Таксама Масква можа справакаваць канфлікты ў нечаканых месцах — да прыкладу, у Прыднястроўі — каб перанесьці ўвагу і стварыць новую нявызначанасьць.

Калі Ўкраіна будзе пасьпяхова абараняцца і нанясе Расеі яшчэ большыя страты, можна чакаць, што Масква пачне размову пра мясцовыя перамірʼі — але будзе іх парушаць, ствараць неадназначнасьць і пашыраць дэзынфармацыю, а таксама выкарыстоўваць іх спачатку — каб перагрупавацца, а потым — як падставу для новай эскаляцыі. Калі Расея здолее пасьпяхова пашырыць кантроль над сумежнымі тэрыторыямі на Данбасе, яна значна павялічыць сваю здольнасьць наступаць на канкрэтных напрамках па чарзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фукуяма апублікаваў 8 новых тэзісаў, чаму Ўкраіна пераможа ў вайне з Расеяй

Будучыя заклікі да дээскаляцыі могуць падавацца прывабнымі, але нам варта трымаць пад увагай расейскія намеры і не паўтараць памылак, зробленых у Сырыі, піша Лістэр. Калі канфлікт на меншым узроўні будзе працягвацца месяцамі (ці нават гадамі), Захаду варта публічна агучыць свае мэты ва Ўкраіне. Нявызначанасьць з заходняга боку значна больш спрыяе Расеі, чым Украіне.

Калі Расея здолее ператварыць гэта ў працяглую кампанію зь «перамірʼямі» і апэрацыйнымі паўзамі, гэта створыць ціск на Захад. За два месяцы цяперашняй вайны ЗША ўжо скарысталі 33% свайго запасу «Джавэлінаў» і 25% «Стынгераў». Трэба агромністыя ўкладаньні ў выраб новай зброі, інакш сытуацыя можа скласьціся небясьпечная, лічыць Лістэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сьвет адкажа на выклік бойні ў Бучы? Дыскусія экспэртаў

ЗША таксама павінны прызнаць, што расейскі напад на Ўкраіну адбыўся ў эпоху беспакаранасьці, якая стала вынікам доўгіх гадоў, калі аўтарытарызм і крымінальная агрэсія не сустракалі супраціву. Умацаваньне міжнародных нормаў запатрабуе рашучых дзеяньняў, рызыкі і доўгатэрміновай пасьлядоўнасьці. Сёньня ўсё залежыць ад Украіны. «Для Пуціна, чые пазыцыі ўнутры краіны выглядаюць нашмат лепшымі, чым агульнапрынята лічыць у Вашынгтоне ці Лёндане, працягваць ісьці наперад — адзіны магчымы варыянт», — піша Чарлз Лістэр, дырэктар праграмаў па Сырыі і па супрацьдзеяньні тэрарызму ў амэрыканскім Інстытуце Сярэдняга Ўсходу.