У Ерэване адбыўся мітынг супраць прэм’ер-міністра Пашыньяна

Ерэван. Пратэст 27 красавіка 2022 году

У Ерэване 27 красавіка працягнуліся акцыі пратэсту апазыцыі. Мітынг адбываўся другі дзень запар. Рух «Супраціў» абвінавачвае ўрад Нікола Пашыньяна ў намеры падпісаць дамову з Азэрбайджанам, прызнаўшы яго сувэрэнітэт над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаха.

На думку апазыцыі, перадухіліць такое разьвіцьцё падзей можна адстаўкай Пашыньяна пад ціскам грамадзкасьці.

Частка дэманстрантаў, акрамя таго, выказвае абурэньне гібельлю цяжарнай жанчыны ў Ерэване, зьбітай 26 красавіка аўтамабілем з картэжу Пашыньяна.

27 красавіка ўлады прызналі, што падчас гэтай аварыі прэм’ер-міністар быў у адной з машын картэжу. У апараце Пашыньяна настойваюць, што прэмʼер з акна машыны заўважыў «жанчыну, якая ўпала», і даў указаньне выклікаць хуткую дапамогу, але ня ведаў, што яе зьбіў аўтамабіль зь ягонага картэжу. На пытаньне, чаму картэж не спыніўся, каб дапамагчы зьбітай жанчыне, намесьнік кіраўніка апарату Пашыньяна адказаў, што гэта выклікала б затор і машына хуткай дапамогі не змагла б праехаць.

Ні жанчыну, ні дзіця выратаваць не ўдалося. Паведамляецца, што, даведаўшыся аб трагедыі, Пашыньян пагаварыў з бацькам загінулай 28-гадовай Соны Мнацаканьян, выказаў спачуваньні і запэўніў, што будзе праведзена абʼектыўнае расьсьледаваньне інцыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўзбэкістане зьнялі з пасады міністра замежных справаў, які гаварыў аб непрызнаньні «ЛНР» і «ДНР»

Як паведамляе армянская служба Радыё Свабода, падчас акцый у Ерэване ў аўторак з падазрэньнем у хуліганстве былі затрыманыя тры чалавекі, а ў сераду — каля 20.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная ў асноўным этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 года абʼявіла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».

За пэрыяд узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азербайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.

«Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з рэгіёнук Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі Бундэстаг прагаласаваў за пастаўкі цяжкага ўзбраеньня Ўкраіне

Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 года Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна значны горад Шуша (па-армянску Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі заяву аб спыненьні агню ў Нагорным Карабаху.

Паводле дамовы, за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх былі войскі на момант яе падпісаньня. Уздоўж лініі судакрананьня разьмешчаная міратворчая місія Расеі.