З пачатку вайны Расея падвоіла даходы ад продажу энэрганосьбітаў у Эўразьвяз

Ілюстрацыйная выява

З пачатку вайны ва Ўкраіне Расея амаль падвоіла даходы ад продажу энэрганосьбітаў краінам Эўрапейскага зьвязу. Пра гэта паведаміў фінскі Цэнтар дасьледаваньняў энэргіі і чыстага паветра (CREA).

Нават пры агульным зьніжэньні аб’ёму гэтых продажаў рост цэнаў на іх на фоне размоваў аб энэргетычным эмбарга прынёс Маскве каля 63 мільярдаў эўра.

За два месяцы з пачатку вайны ва Ўкраіне Масква прадала Эўразьвязу энэрганосьбітаў на 44 мільярды эўра, што ў два разы больш за вынікі аналягічнага пэрыяду ў 2021 годзе. Пры гэтым самі абʼёмы закупак за гэты пэрыяд зьнізіліся. Па падліках цэнтру, абʼём імпарту нафты ў ЭЗ упаў на 20 працэнтаў, вугалю — на 40 працэнтаў. Аднак імпарт газу вырас.

Галоўным пакупніком па-ранейшаму выступае Нямеччына. За два месяцы вайны яна імпартавала энэрганосьбітаў на 9 мільярдаў эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі на ініцытыву беларуса арыштавалі вілу былога зяця Пуціна

Згодна з высновамі экспэртаў CREA, Расея працягвае атрымліваць выгаду з энэргетычнай залежнасьці, у якую яна паставіла Эўропу. Рост цэнаў кампэнсуе Расеі страты абʼёму продажаў. Новыя санкцыі, як мяркуюць экспэрты фінскага цэнтру, абяцаюць толькі яшчэ больш падняць цэны, зводзячы на нішто намаганьні Брусэля перашкодзіць Пуціну выкарыстоўваць энэрганосьбіты для палітычнага ціску на ЭЗ і фінансаваньня вайны.

У Эўразьвязе актыўна абмяркоўваюць адмову ад расейскіх энэрганосьбітаў у адказ на ваеннае ўварваньне Расеі на тэрыторыю Ўкраіны. Рэзалюцыю з заклікам увесьці эмбарга на расейскія энэрганосьбіты яшчэ ў сакавіку прыняў Эўрапарлямэнт.

ЭЗ ужо ўвёў эмбарга на расейскі вугаль, якое пачне дзейнічаць са жніўня. Акрамя таго, абмяркоўваецца адмова ад расейскіх нафты і газу.

Аднак Аўстрыя, Вугоршчына і Нямеччына выступаюць супраць эмбарга на газ з Расеі. Так, канцлер ФРГ Оляф Шольц лічыць, што рэзкае эмбарга на расейскі газ ня спыніць ваеннага канфлікту ва Ўкраіне, а прывядзе толькі да сурʼёзнага эканамічнага крызісу ў Эўропе.

Нафтагазавы сэктар прыносіць Расеі да паловы даходаў бюджэту і больш за палову экспарту. 70 працэнтаў газу і 60 працэнтаў нафты і нафтапрадуктаў Расея прадае якраз у Эўропу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ЗША ухваліла закон аб канфіскацыі расейскай уласнасьці, што трапіла пад санкцыі